Сусветны банк пазычыць Беларусі $ 60 млн на развіццё прыватнага бізнесу

Банк развіцця Беларусі і Сусветны банк падпісалі пагадненне аб пазыцы 60 мільёнаў долараў ЗША для рэалізацыі новага праекту «Пашырэнне доступу да фінансавання мікра, — малых і сярэдніх прадпрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь».

a42ae823_a3de_4928_be06_c3dd737d484f_w1023_r1_s.jpg

Як паведаміла прэс-служба Банка развіцця, цырымонія падпісання адбылася ў Вашынгтоне 12 кастрычніка ў межах штогадовага пасяджэння саветаў кіраўнікоў Сусветнага банку і Міжнароднага валютнага фонду. Пагадненне падпісалі старшыня праўлення Банку развіцця Сяргей Румас і віцэ-прэзідэнт Сусветнага банку па рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі Сірыл Мюлер.
Румас падзякаваў камандзе Сусветнага банку і Міністэрства эканомікі за сумеснае плённае супрацоўніцтва пры падрыхтоўцы праекту. «Сёння Банк развіцця адкрыў новую старонку супрацоўніцтва з Сусветным банкам. Нашы банкі-партнёры, а таксама прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу даўно чакалі гэтай знакавай падзеі. Спадзяемся, што рэалізацыя гэтага пачынання стане адным з драйвераў у развіцці эканомікі Рэспублікі Беларусь», — пракаментаваў ён падпісанне дакумента.
Праграма супрацоўніцтва Банка развіцця з Сусветным банкам разлічаная на 15 гадоў, у яе межах суб’екты малога і сярэдняга бізнесу змогуць атрымаць крэдытныя рэсурсы ў замежнай валюце (доларах ЗША). З пачатку 2018 году субʼекты малога і сярэдняга бізнесу змогуць звярнуцца ў банкі-партнёры па фінансаванне.
Беларусь стала членам Сусветнага банка ў 1992 годзе. За час супрацоўніцтва краіна атрымала крэдытныя рэсурсы на 1,7 млрд долараў ЗША. Акрамя таго, былі вылучаныя гранты на 28 млн долараў на рэалізацыю праграм з удзелам арганізацый грамадзянскай супольнасці. З улікам ухвалы згаданага праекту наяўны інвестыцыйны партфель Сусветнага банку ў Беларусі ўключае дзевяць праектаў амаль на 1 млрд долараў.
Паводле svaboda.org