Транспартнікі Беларусі і Польшчы абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння
Пытанні ўзаемадзеяння Беларусі і Польшчы ў галіне міжнародных аўтаперавозак абмеркаваны на перамовах у Варшаве.
Як паведаміла БелаПАН прэс-сакратар Міністэрства транспарту і камунікацый Алена Саланенка, пасяджэнне польска-беларускай змяшанай камісіі па міжнародных аўтамабільных зносінах прайшло ў апошняй
дэкадзе сакавіка. Бакі абмяняліся статыстычнай інфармацыяй, адзначылі станоўчыя тэндэнцыі ў развіцці тавараабароту і росце перавозак як у двухбаковых, так і ў транзітных зносінах.
Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі папярэдні кантынгент дазволаў на выкананне міжнародных аўтаперавозак пасажыраў і грузаў у гэтым годзе з улікам патрэбы кожнага боку. "Аднак з прычыны
неабходнасці правесці дадатковыя кансультацыі і далейшы аналіз рынку аўтамабільных перавозак, абедзве дэлегацыі дамовіліся, што рашэнне аб канчатковым памеры кантынгенту дазволаў на 2013 год будзе
прынята на наступным пасяджэнні змяшанай камісіі, якое адбудзецца не пазней чэрвеня 2013 года", — сказала прэс-сакратар.
Абмяркоўвалася таксама тэма супрацоўніцтва ў галіне развіцця рэгулярных перавозак пасажыраў паміж Польшчай і Беларуссю. Бакі адзначылі станоўчы прыклад узаемадзеяння ў перыяд чэмпіянату Еўропы па
футболе, арганізаванага ў Польшчы ў 2012 годзе, дамовіўшыся прыкласці ўсе намаганні па ўстараненні магчымых перашкод пры перавозках балельшчыкаў у сувязі з правядзеннем чэмпіянату свету па хакеі на
лёдзе ў Мінску ў 2014 годзе.
У ходзе пасяджэння былі разгледжаны змяненні ў заканадаўствах дзвюх краін, абмеркаваны спецыфічныя моманты, звязаныя з асаблівасцямі выкарыстання дазволаў і ажыццяўленнем кантролю выкарыстання
дазволаў, а таксама канваіраваннем транспартных сродкаў, візавымі пытаннямі.
Кіраўніком беларускай дэлегацыі на перамовах у Варшаве выступіў начальнік упраўлення аўтамабільнага, гарадскога электрычнага транспарту і метрапалітэна Міністэрства транспарту і камунікацый Юрый Каравайкін, польскай — дырэктар дэпартамента аўтамабільнага транспарту Міністэрства інфраструктуры Анджэй Багдановіч.
Аляксей Арэшка, БелаПАН