Украіна ўвяла спецпошліны на малако, цукеркі і піва з Беларусі
Украіна ў адказ на дыскрымінацыйныя недружалюбныя дзеянні з боку Рэспублікі Беларусь у адносінах да ўкраінскіх вытворцаў напояў і прадуктаў харчавання ўвяла спецыяльныя пошліны на пастаўку беларускіх малочных прадуктаў, кандытарскіх вырабаў і піва.
Адпаведнае рашэнне прыняла Міжведамасная камісія па міжнародным гандлі, паведамляе ўрадавае выданне «Урядовый курьер».
У прыватнасці, на малако, вяршкі, ёгурты, кефір, сметанковае масла, а таксама на кандытарскія вырабы з цукру, шакалад і мучныя прысмакі, імпартуемыя з Беларусі, уводзіцца пошліна ў памеры 55,29% ад мытнага кошту гэтай прадукцыі.
Для беларускага соладавага піва Украіна ўводзіць пошліны ў памеры 60,05% ад мытнага кошту. Спецыяльныя пошліны будуць прымяняцца да названых тавараў да 31 снежня 2016 года. Рашэнне камісіі уступае ў сілу праз 10 дзён з моманту яго апублікавання.
Як паведамляў УНІАН, з 1 мая Беларусь увяла ліцэнзаванне імпарту піва з-за межаў Мытнага саюза. Украінскія вытворцы піва назвалі гэта дыскрымінацыйнымі мерамі і паведамілі, што ў Беларусі ад іх запатрабавалі павысіць рознічную цану на сваю прадукцыю больш, чым у 2 разы, што аўтаматычна робіць украінскае піва неканкурэнтаздольным на беларускім рынку. Аналагічныя меры Беларусь ужыла і да ўкраінскіх кандытараў.
Беларусь з'яўляецца адным з найбуйнейшых імпарцёраў малочнай прадукцыі на ўкраінскім рынку. Па дадзеных Дзяржаўнай фіскальнай службы, у першым паўгоддзі 2014 года Беларусь паставіла ва Украіну малака і вяршкоў на 1,3 млн дал, што складае 46% ад агульнага імпарту гэтай прадукцыі.