Улады вымушана паменшылі свае ж «контрсанкцыі»
Урад Беларусі вымушана пашырыў спіс выключэнняў з харчовага эмбарга. Апублікаваная пастанова № 245, якая пачне дзейнічаць з 27 красавіка. Між іншым, у ёй згадваюцца арэхі, яблыкі, грушы, баклажаны, кабачкі і «гародніна іншая». Усё гэта зноў можна будзе ўвозіць у нашу краіну.
«Контрсанкцыі» былі аб'яўлены ўрадам РБ у канцы мінулага года і пачалі дзейнічаць з 1 студзеня 2022-га, як адказ на заходнія санкцыі, нагадвае «Еўрарадыё». Былі вызначаны катэгорыі тавараў, якія забаранілі ўвозіць і прадаваць у нашай краіне.
У «чорны спіс» трапіла прадукцыя з краін Еўрасаюза,
ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, Албаніі, Ісландыі, Нарвегіі, Паўночнай Македоніі,
Чарнагорыі і Швейцарыі. У ЕС «беларускі адказ» ацанілі як складаны і «непразрысты механізм».
Пад «контрсанкцыі» трапіла мяса, каўбасы, малочная
прадукцыя, садавіна і гародніна, арэхі, кандытарскія вырабы, тлушч, соль. Аднак
яшчэ зімой пачалі з'яўляцца «выключэнні». Першай сярод іх была соль.
Як бачым, кожнай такой пастановай урад Беларусі пацвярджае,
што заходнія санкцыі дзейнічаюць, а адказаць на іх практычна няма чым.