Урад хоча, каб ужо сёлета беларусы кампенсавалі 75% выдаткаў на ЖКП, у наступным — 100%
Камунальныя службы шукаюць шляхі зніжэння выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі, але тарыфы немінуча вырастуць. Ужо ў гэтым годзе беларусы будуць кампенсаваць 75% выдаткаў, а ў наступным — 100%. Такая інфармацыя прагучала ў вячэрнім эфіры праграмы «Нашы навіны» на тэлеканале АНТ.
«Жыллёва-камунальныя паслугі вырастуць у цане. У гэтым годзе
насельніцтва будзе кампенсаваць ўжо тры чвэрці выдаткаў, а ў наступным — 100%.
Рост тарыфаў не ударыць па сацыяльна неабароненых слаях насельніцтва — ім
дапамогуць жыллёвымі субсідыямі», — паведамілі ў эфіры.
Таксама было адзначана, што плаціць менш будуць і тыя, хто паставіць лічыльнікі на батарэі і адмовіцца ад смеццеправода. Камунальныя службы таксама шукаюць шляхі зніжэння выдаткаў.
Зараз беларусы кампенсуюць больш за 60% выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін у канцы мінулага года таксама адзначыў, што росту тарыфаў жыллёва-камунальныя паслугі не будзе.
«Я не магу прагназаваць на ўвесь год, але хачу сказаць, што плануецца і пастаўлена задача кіраўніком дзяржавы, сёння мы маем у нашым перспектыўным плане толькі 5 даляраў павышэння [у студзені 2017 года). Усё астатняе — толькі за кошт зніжэння выдаткаў»,— растлумачыў Анатоль Калінін.
Нагадаем, рост тарыфаў на ЖКГ — адна з умоў выдачы крэдыту ад МВФ. У лістападзе 2016 года Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз выказаў сваю нязгоду з пазіцыяй МВФ, які патрабуе ад Беларусі павысіць цэны на камунальныя паслугі.
«МВФ патрабуе: сёння 75%, заўтра 100% насельніцтва павінна плаціць за ЖКГ, тады дамо 3 мільярды крэдыт. Я кажу: «Добра, сёння 100% зробім, заўтра будуць дзікія неплацяжы». Тут трэба ісці вельмі акуратна. І мы дамовіліся - кожны год дадаем па 5 долараў. Калі раптам адбудзецца абвал, інфляцыя, мы ўсё палічым і кіраўнік дзяржавы указам зацвердзіць», — заявіў ён.
Паводле Нашай Нівы