«Верталётныя грошы»: хто, каму і за што іх раздае і атрымлівае?

«Вы забяспечце хоць бы сваю сям'ю і сябе. І не разлічвайце, што заўтра Лукашэнка, Дзед Мароз ці хтосьці прыйдзе і прынясе грошы і вам раздасць або з верталёта скіне. Гэтага не будзе. Мы гэта не можам зрабіць», — казаў на тыдні Лукашэнка, сустракаючыся з абноўленым складам урада. І тут ён і мае рацыю, і не мае адначасова.

Калаж з  u-f.ru

Калаж з  u-f.ru

Мае рацыю ён у тым, што беларусы павінны забяспечваць сябе і свае сем'і самі, але дзяржава павінна стварыць для гэтай умовы (а з гэтымі ўмовамі неяк не вельмі). А не мае рацыі ён у тым, што «верталётных грошай» не бывае. Ён-та ведае, што яны ёсць, і яны на яго ўвесь час падаюць. Вось толькі куды яны дзяюцца потым — вялікае пытанне.

Памятаеце крэдыт нібыта «на імпартазамяшчэнне», атрыманы Лукашэнкам? Паўтары мільярды долараў сышлі ў невядомасць, бо вынікаў «імпартазамяшчэння» як бы пакуль і не бачна. Можа быць, вядома, нешта імпартазамясцілі, але відавочна не на ўсю суму. І пастаянна прыдумляюцца новыя спосабы, новыя «схемкі» для расійскіх грошай.

Напрыклад, у нашай краіне прайшла выстава новых беспілотнікаў расійскай распрацоўкі, якую наведаў Лукашэнка. Само па сабе вельмі дзіўнае мерапрыемства. Бо ў Беларусі насамрэч нядрэнная свая школа стварэння БПЛА — праўда, збольшага, грамадзянскага прызначэння. А рускім іх беспілотнікі дапамагаў ствараць Іран. Таму і казаць пра «новыя расійскія беспілотнікі» ў прынцыпе дзіўна.

Але сутнасць у тым, што намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Расіі Максім Арэшкін прапанаваў пабудаваць у Беларусі «цалкам лакалізаваны, з прыўнясеннем усіх тэхналагічных кампетэнцый сюды, адначасова працуючы на адзінай тэхналагічнай платформе з заводамі ў Расіі і іншых краінах (мы не толькі пра Расію гаворым)» завод па вытворчасці беспілотнікаў.

Паводле яго слоў, базавая прапанова — гэта будаўніцтва ў Беларусі на працягу аднаго года такога завода, які можа выпускаць да 100 тысяч адзінак БПЛА штогод. «Гэта прапанова, якую зрабіў расійскі бок. Зараз з калегамі беларускімі будзем абмяркоўваць, дзе, якая вытворчасць і гэтак далей. Нейкі час зойме ўзгадненне гэтых параметраў», — сказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта РФ.

І такая прапанова проста патыхае «разводам і распілам». Таму што будаваць завод па вытворчасці беспілотнікаў у Беларусі, можна сказаць, што ў прамой бачнасці ўкраінскіх дронаў — гэта глупства. Такі аб'ект сапраўды будзе ваеннай мэтай, удары па якой тымі ж дронамі або якім-небудзь «Хаймарсам» будуць заканамерныя.

А калі мы дапусці, што за гэты год вайна ва Украіне стараннямі Трампа або насуперак яму ўсё ж спыніцца, то... Каму будуць патрэбныя сто тысяч не зусім высокатэхналагічных (успомнім пра санкцыі на электроніку ў дачыненні да нас і нашага «саюзнічка») беспілотнікаў у год? Відавочна ж, што такі аб'ём выпуску толькі на вайну і разлічаны, ці не так? А калі так — глядзі пункт вышэй.

Выснова: на будаўніцтве такога завода датычныя да яго змогуць папілаваць грошы. Расійскія, бюджэтныя. А само прадпрыемства... Потым скажуць, што «праект страціў актуальнасць», альбо быў разбомблены тымі ж «Хаймарсамі».

І такіх «заманух» Арэшкін раскідаў вакол Лукашэнкі дастаткова. Напрыклад, прапанаваў сінхранізаваць праекты лічбавага беларускага і расійскага рубля. «Трэба сінхранізаваць і працаваць разам, каб узаемасувязь паміж лічбавым беларускім і лічбавым расійскім рублём была выбудаваная на належным узроўні», — сказаў ён.

Нагадаем, што «адзіная валюта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі» — гэта тое, на чым у прынцыпе спатыкнулася «інтэграцыя», бо Аляксандр Лукашэнка настойваў, каб ён мог кантраляваць эмісійны цэнтр, а Масква з гэтым пагадзіцца не магла. Цяпер гэтае ж пытанне ўсплывае ў сітуацыі з лічбавымі валютамі: хто будзе кантраляваць іх колькасць? З біткойнам і іншымі крыптавалютамі ўсё зразумела — яны на блокчэйне, а вось як будзе працаваць афіцыйны лічбавай рубель, наколькі яго будзе кантраляваць урад (той ці іншы), і ці не ўзнікне ў яго, урада, ператварыць лічбавы рубель у тыя самыя «верталётныя грошы» — пытанне адкрытае, праўда?

Глядзіце таксама

А Лукашэнка ўжо нават даручыў развіваць у краіне майнінг крыптавалют. «Паглядзіце па гэтым майнінгу. Усё больш людзей да мяне звяртаюцца. Калі нам гэта выгадна, давайце будзем рабіць. У нас лішак электрычнасці ёсць. Няхай робяць яны гэтую крыптавалюту і гэтак далей... Што ж мы прыцягваем нейкіх інвестараў, прадаем ім электраэнергію, хоць я не выключаю гэта... Думаю, што вы перасягне гэтую бюракратыю і далажыце, што трэба рабіць», — дадаў пенсіянер, звяртаючыся да зноў прызначанага міністра энергетыкі Аляксея Кушнарэнка.

І ўсё ж такі трэба было б Лукашэнку сказаць, што грошы насамрэч ніадкуль не з'яўляюцца. І калі яны дзесьці з'явіліся — значыць, аднекуль яны зніклі. Майніць крыпту нам можна, і лішак электрычнасці сапраўды ёсць, але... Але справа ў тым, што гэта залішняя электрычнасць — яна ўсё роўна каштуе грошай, і яна ў нас дарагая. А для майнінга крыпты электраэнергія павінна быць таннай, у ідэале — бясплатнай. 

Ці мы будзем спансіраваць крыптафермы, як сёння спансуем калгасы?

І зноў жа — у апошнім санкцыйным пакеце ЕС уведзеныя санкцыі на беларускія крыптагаманцы. Куды ты будзем складаць тую крыпту, што намайнілі?

У выніку для атрымання «верталётных грошай» застаецца стары правераны спосаб — распрадаваць па кавалачках суверэнітэт.

На тыдні расійская Дзярждума ўхваліла выдачу Беларусі адтэрміновак па сплаце расійскіх крэдытаў. Намеснік міністра фінансаў РФ Уладзімір Колычаў, прадстаўляючы праект дэпутацкаму корпусу, назваў агульную суму плацяжоў, якія падлягаюць адтэрміноўцы — «каля 800 млн у доларавым эквіваленце». Плацяжы ў пагашэнне асноўнага доўгу і плацяжы па працэнтах пераносяцца з 2024 года на перыяд 2031-2036 гадоў.

І як толькі Дзярждума прыняла гэтыя адтэрміноўкі, у той жа дзень Лукашэнка падпісаў закон «Аб ратыфікацыі дамовы паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы». Нагадаем, што гэтая дамова прадугледжвае размяшчэнне на тэрыторыі нашай краіны расійскіх вайсковых аб'ектаў, ядзернай зброі, і акрамя таго, прадугледжаны і ўзаемныя гарантыі па забеспячэнні «абароны, абароны суверэнітэту, незалежнасці і канстытуцыйнага ладу Расіі і Беларусі, цэласнасці і недатыкальнасці тэрыторыі і знешніх межаў Саюзнай дзяржавы».

Прасцей кажучы, калі беларускі рэжым захістаецца, а палітычныя змены, якія адбываюцца ў нашай краіне, не будуць даспадобы Крамлю, то расійскія войскі могуць быць уведзеныя ў нашую краіну для абароны «канстытуцыйнага ладу». Падтрымаўшы альбо існуючы рэжым, альбо любы іншы, які Масква палічыць зручным для сябе.

Так што гэтыя 800 млн долараў у выглядзе адтэрміноўкі па расійскіх крэдытах — гэта сума, за якую рэжым Лукашэнкі прадаў істотную частку беларускага суверэнітэту. І не толькі беларускага, але і ўласнага.

Бо хто сказаў, што Лукашэнка будзе задавальняць Крэмль заўсёды?