14 лютага дзень нараджэння ў палітвязняў Уладзіміра Шустава і Ксеніі Луцкінай

У гэты дзень узгадваем гісторыі затрымання палітвязняў.

Уладзімір Шустаў

Уладзімір Шустаў

14 лютага 48 гадоў споўніцца Уладзіміру Шуставу — індывідуальнаму прадпрымальніку з Магілёва. У мінулым Шустаў быў камандзірам падраздзялення АМАП і супрацоўнікам службы аховы Лукашэнкі. Абвінавачаны і асуджаны па артыкуле аб наўмысным ужыванні гвалту ў дачыненні да міліцыянта падчас разгону людзей 10 жніўня ў цэнтры Магілёва (арт. 364 Крымінальнага кодэксу).
У той вечар Уладзімір Шустаў быў у цэнтры горада каля кінатэатры «Радзіма», дзе адбываўся разгон мірных пратэстоўцаў. Па словах Шустава, ён нікога не біў, яго першага ўдарылі дубінкай па галаве. Спатыкнуўшыся ад удару і падаючы наперад, ён закрануў галавой тулава пацярпелага ўчастковага інспектара міліцыі Аляксандра Шмаянкова, а затым, спрабуючы ўтрымацца, ухапіўся за яго ногі. З-за гэтага міліцыянт упаў на ягадзіцы. Шустаў быў збіты.
17 лістапада ў Ленінскім судзе Магілёва вынесены прысуд па крымінальнай справе індывідуальнага прадпрымальніка Уладзіміра Шустава: ён асуджаны на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Знаходзіцца ў Следчай турме–4 у Магілёве.

Ксенія Луцкіна

Ксенія Луцкіна


14 лютага Дзень народзінаў адзначыць і Ксенія Луцкіна. Да жніўня 2020 года Ксенія Луцкіна працавала ў Белтэлерадыёкампаніі. Пасля выбараў яна далучылася да страйку супрацоўнікаў холдынгу, а затым сышла з пазіцыі карэспандэнта тэлеканала «Беларусь 2» і ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады.Пазней Ксенія казала пра тое, што разам з іншымі журналістамі, што звольніліся з дзяржаўных СМІ, яна плануе стварыць «альтэрнатыўнае тэлебачанне» на YouTube. Праект развіваўся ў тым ліку пры ўдзеле Акадэміі Прэс-клуба. Першыя перадачы былі запісаныя, запуск павінен быў адбыцца ў студзені.
Ксенію затрымалі 22 снежня на бульвары Мулявіна — недалёка ад ЦУМа, куды яна выйшла за пакупкамі. На працягу чатырох гадзін — прыкладна да 20.30 — дома ў Ксеніі праходзіў ператрус (або агляд). У яе канфіскавалі кампутар, тэлефон, флэшкі і дакументы. 31 снежня стала вядома, што Ксеніі Луцкінай прад’яўленае абвінавачванне па ч. 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу — ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры. Цяпер Ксенія ўтрымліваецца ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага.
«Новы Час» віншуе мужных і годных людзей з іх днём народзінаў, жадае хутчэйшага вызвалення і шчаслівага жыцця ў новай вольнай Беларусі.