Як затрымлівалі ўдзельнікаў канцэрта пад Смалявічамі. «Усе падумалі, што гэта тэатральная пастаноўка»

13 лютага на базе адпачынку «Аганёк», што пад Смалявічамі, амапаўцы затрымалі ўдзельнікаў канцэрта, на якім мусілі выступіць гурты «Разбітае сэрца пацана», Panska Moc, Ok-Band, спявачка LEAR. У МУС падзею ахарактарызавалі коратка: «Актывісты дэструктыўных тэлеграм-каналаў сабраліся пад выглядам вечарынкі».

sr_vdrmtpf0_mfbqy.jpg

У выніку амаль усіх, акрамя непаўналетніх дзяцей і маладых маці, якіх адпусцілі, сёння пачалі судзіць, прызначаючы суткі і штрафы, распавядае «Наша Ніва». Менеджарка гурта «РСП» Настасся Доль, што вызвалілася з жодзінскага ізалятара са штрафам у 30 базавых, распавяла падрабязнасці таго вечара.

Падобныя канцэрты на турбазе «Аганёк» праходзілі і раней, але ўпершыню сталі мішэнню для міліцыі. Некалькі сцягоў, канфіскаваных у людзей пры затрыманні, міліцыянеры адразу кінулі на падлогу.

«13 лютага ў 20.00 пачала спяваць LEAR. Пасля яе на сцэну выйшлі хлопцы з «РСП». Яны паспелі выканаць усяго адну песню «Бег», як у памяшканне ўварвалася каля 30 амапаўцаў і іншых супрацоўнікаў міліцыі. Яны нічога не тлумачылі, проста загадалі ўсім стаць тварам да сцяны і пачалі забіраць у людзей тэлефоны», — згадвае Настасся.

Яна кажа, што першыя хвіліны гледачы і артысты думалі, што адбываецца шоу ад «РСП», нейкая тэатральная пастаноўка, якая хутка скончыцца. Але неўзабаве стала зразумела, што ўсё гэта па-сапраўднаму. Амаль усіх удзельнікаў адвезлі ў Смалявіцкае РАУС, дзе яны прасядзелі ў актавай зале да наступнага дня.

«Мы пастаянна чулі там ад супрацоўнікаў міліцыі іх версію падзей: што мы сабраліся на несанкцыянаванае мерапрыемства, каб выказваць сваё незадавальненне дзейнай уладай. На нас склалі пратаколы пад капірку — 1-я частка артыкула 23.34 КоАП. Мяне і ўдзельнікаў гурта павезлі ў жодзінскі ізалятар каля 17.00 14 лютага. З моманту затрымання нас, вядома, не кармілі. Але хаця б вадзілі ў прыбіральню, дзе мы маглі піць ваду з-пад крана. Толькі вечарам наступнага дня ўжо ў Жодзіна далі кіслай капусты».

У камеры на восем месцаў Настасся апынулася яшчэ ў кампаніі чатырох дзяўчат.

«Гэта вельмі яркі ўспамін, бо мы былі ў пальчатках, паліто і куртках, але ніяк не маглі сагрэцца. Усе прачыналіся ад холаду: матрацаў не было, мы спалі на жалезных нарах. А батарэя грэла зусім слаба», — расказвае Настасся.

Суд над Настассяй цягнуўся каля пяці хвілін, і яна шчыра здзівілася, што ёй далі штраф. Яе калегам пашанцавала менш: ужо вядома, што спявачцы LEAR і клавішніку, вакалісту «РСП», акцёру Паўлу Гарадніцкаму і басісту Андрэю Асіпчыку прысудзілі 15 сутак.

Чаму АМАП «накрыў» канцэрт? Настасся кажа, што самі міліцыянеры намякалі, што іх «здалі» з фармулёўкай «там будзе адбывацца нешта забароненае». Пры тым, што раней праблем з канцэртамі на гэтай жа базе адпачынку не было, у такім фармаце вечарыны праходзілі там ужо не першы раз.

«Нібыта гэта звязана са зменай уласніка пункта. Але гэта ўсё выключна падазрэнні», — каментуе Настасся.