60 шэсцяў у розных мікрараёнах Мінска сабралі дзясяткі тысяч людзей

У розных мікрараёнах Мінска адбылося каля 60 шэсцяў пратэсту. У іх узялі ўдзел некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Найбольшыя шэсці, з удзелам некалькіх тысяч жыхароў кожнае, адбыліся ў Дамброўцы на вуліцах Жыновіча — Матусевіча і на Захадзе (вуліцы Бурдзейнага — Адзінцова).

photo_2020_11_29_15_21_00_1.jpg


Масавыя шэсці адбыліся таксама на Паўднёвым Захадзе, ва Уруччы і на Партызанскім праспекце. Сілавікі лёталі па горадзе на бусах і разганялі людзей, але шэсці ўтвараліся зноў, часам на суседніх вуліцах, піша «Наша ніва».

Жыхары Мінска скандавалі на адрас Лукашэнкі: «Уходи, крыса!»

Сілавікі ўжывалі святлошумавыя прылады і газ у Мінску ва Уруччы і ў Зялёным Бары Мінскага раёна.

Паводле ацэнак журналістаў, сёння ў Мінску, Жодзіне, Дзяржынску ды іншых гарадах затрымана больш за 300 дэманстрантаў. Дакладныя лічбы стануць вядомыя заўтра. На гэты момант вядомыя 220 імён затрыманых. Сярод іх — выбітны эканаміст, член Каардынацыйнай рады Дзмітрый Крук (Мінск), кандыдат сельскагаспадарчых навук Іраіда Міско (Жодзіна), выканаўца галоўнай ролі ў фільме «Купала» Алена Гіронак (Пабягаева), фотакарэспандэнтка «Новага часу» Яна Трусіла.

Акцыі пратэсту адбыліся таксама ў некалькіх дзясятках лакацый Брэста, Гродна, Гомеля, Магілёва, Віцебска, у Жодзіне, Смалявічах, Іўі, Дзяржынску, Бараўлянах, Радашкавічах, Ляхавічах, іншых гарадах і пасёлках.

На доме хакейнага трэнера сям'і Лукашэнка Дзмітрыя Баскава ў лесе каля Мінскага мора з’явіліся вялізныя надпісы: «Не простим».