Абраза па фота: віцебляніна асудзілі за знявагу мінскай суддзі Вікторыі Шабуні
Пракурорка ўбачыла асаблівую «грамадскую небяспеку» ў абразе прадстаўніка ўлады ды суддзяў.
Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска 9 лютага вынес прысуд мясцоваму жыхару Андрэю Кузняцову, якога абвінавацілі ў абразе суддзі або народнага засядацеля (арт. 391 Крымінальнага кодэкса), паведамляюць праваабаронцы.
Справу, якая цягнулася амаль 3 месяцы, разглядала суддзя Ганна Тылец. Абвінавачанне падтрымлівала старшая пракурорка аддзелу пракуратуры Віцебскай вобласці Драгель.
Мужчыну прызналі вінаватым, і пакаралі абмежаваннем волі на 2 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Пацярпелая — суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня.
Падчас судовага следства Кузняцоў прызнаў сваю віну часткова, паведаміў, што пад фотаздымкам суддзі Шабуні ў сацыяльных сетках размясціў абразлівы каментар.
Пракурорка звярнула ўвагу, што «грамадская небяспека ў абразе прадстаўніка ўлады, суддзяў у сувязі выканання іх абавязкаў ўяўляе павышаную небяспеку, паколькі такія дзеянні могуць парушаць нармальнае функцыянаванне апарата ўлады. У выніку падобных дзеянняў падрываецца аўтарытэт таго органа, які прадстаўляе пацярпелая, а гэтак жа падае прэстыж дзяржаўнай улады і дзяржаўнага апарату. Акрамя таго прыніжэнне гонару і годнасці суддзі можна разглядаць як псіхалагічны гвалт, які можа аказаць уплыў на псіхіку пацярпелай».
Адвакат у сваім выступе адзначыла, што ў дзеяннях Кузняцова адсутнічае склад злачынства.
“Каментар, пакінуты маім падабаронным, не быў падвергнуты аналізу спецыялістамі, і ўтрымлівае дапушчальныя доказы… Мой падабаронны прызнае, што ў сваім каментары груба выказаўся ў адрас жанчыны, за што яму сорамна. Бок абароны просіць пастанавіць апраўдальны прысуд у адпаведнасці з пунктам 2 ч. 1 артыкула 357 Крымінальнага кодэкса у дачыненні да Андрэя Кузняцова", — заявіла яна ў судзе.
Тым не меней, суд прызнаў Кузняцова вінаватым і пакараў абмежаваннем волі на 2 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Таксама суд пастанавіў канфіскаваць смартфон Huawei і іншыя прылады, з дапамогай якіх Кузняцоў зняважыў суддзю Шабуню.