Былога падпалкоўніка міліцыі, пазбаўленага звання з-за палітыкі, асудзілі да шасці гадоў калоніі

Суд Лідскага раёна прызначыў на год больш, чым прасіў пракурор. Хоць пацярпелы ў судзе заявіў, што ў яго "няма прэтэнзій" да абвінавачанага.

Пётр Будзько. Фота з сацыяльных сетак

Пётр Будзько. Фота з сацыяльных сетак

Суд Лідскага раёна асудзіў былога падпалкоўніка міліцыі запасу Пятра Буцько з Іўя да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле ч.3 арт.426 Крымінальнага кодэкса.

Таксама Пятру Буцько прызначылі штраф у памеры 500 базавых. Пракурор запрошваў для Буцько 5 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле версіі абвінавачвання, 27 траўня Буцько, які пасля звальнення з міліцыі стаў дырэктарам камерцыйнай транспартнай фірмы, нанёс свайму супрацоўніку Андрэю Захару "не менш за 12 удараў у вобласць галавы" кулакамі. Тым самым ён "прычыніў яму менш цяжкія цялесныя пашкоджанні". Пацярпелы ў судзе заявіў, што ў яго "няма прэтэнзій" да абвінавачанага.

Пётр Буцько служыў у міліцыі больш за 20 гадоў, завяршыўшы службу намеснікам начальніка РАУС у Карэлічах у 2017 годзе.

У канцы 2020 года Пётр Буцько адбыў 32 дні адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, распавядаў падпалкоўнік у інтэрв'ю газеце "Народная Воля". Ён распавядаў выданню, што тады супраць яго "спрабавалі сфабрыкаваць крымінальную справу", але гэтага не адбылося бо "засталіся яшчэ ў міліцыі сумленныя людзі, якія не пагадзіліся даваць на яго хлуслівыя паказанні".

Сілавікі затрымалі Пятра Буцько 20 жніўня 2021 года, правялі ператрус у яго дома і на лецішчы. У траўні 2021 года Лукашэнка пазбавіў званняў больш за 80 былых сілавікоў. У гэты спіс трапіў і Пётр Буцько: яго пазбавілі звання падпалкоўніка міліцыі запасу.