Ад пары капеек да пары рублёў — столькі каштуе праца беларускіх вязняў. Цяжкая, шкодная, бессэнсоўная
У беларускіх турмах і калоніях вязняў прымушаюць працаваць — на самых шкодных работах: выпальваць вугаль, даставаць гуму, разгружаць фуры... Пры гэтым за працу дзяржава амаль не плаціць, але зарабляе на ёй няблага.

Ілюстрацыйная выява: «Stable Diffusion»
Працу ў беларускіх калоніях называюць прымусовай, паколькі звычайна зняволеных накіроўваюць на цяжкія і брудныя работы, дзе на парушэнні тэхнікі бяспекі адіміністрацыя пенітэнцыярных устаноў глядзіць скрозь пальцы. Крымінальна-выканаўчы кодэкс вызначае, што ўсе асуджаныя абавязаны працаваць падчас адбыцця пакарання. Выключэнне зробленае толькі для пенсіянераў, інвалідаў і цяжарных. Каардынатарка грамадскай кампаніі «Respect-Protect-Fulfill» Марыя Сляпцова нядаўна адзначала, што асуджаныя не могуць адмовіцца ад працы, нават калі лічаць яе цяжкай па стане здароўя. Адмова ад працы з'яўляецца «злосным парушэннем унутранага распарадку» і цягне за сабой пакаранне — штрафны ізалятар, а магчыма і ўзбуджэнне новай крымінальнай справы па арт.411 Крымінальнага кодэкса. Турэмная адміністрацыя ўсё часцей выкарыстоўвае такую практыку для пераследу палітвязняў, каб падоўжыць іх тэрміны зняволення.
Праваабаронцы кажуць, што з парушэннем працоўных правоў сутыкаюцца ўсе зняволеныя ў Беларусі, аднак палітвязні знаходзяцца ў найбольш уразлівым становішчы. Паводле закону, працоўны тыдзень не павінен перавышаць 40 гадзін. Аднак у калоніях людзі часта працуюць па сем дзён на тыдзень, з выхадным раз на два тыдні, што перавышае ўсе ўстаноўленыя нарматывы, піша «Вясна».
Наваполацкая калонія: «бубкі», «грыль» і драўняны вугаль
У калоніях усе вязні, за рэдкім выключэннем, павінны працаваць на прамзоне. У наваполацкай калоніі ўзмоцненага рэжыму № 1, якая лічыцца ў Беларусі самай бруднай, зняволеныя сартуюць пластыкавыя адкіды з прамысловых прадпрыемстваў, вырабляюць вугаль, пераапрацоўваюць другасную сыравіну, працуюць на дрэваапрацоўцы, займаюцца іншай некваліфікаванай працай.
Былы палітвязень Арцём Хвашчэўскі, які адбываў пакаранне ў Наваполацку, згадвае:
– Маёй працай было прыбіраць тэрыторыю прамзоны. Улетку гэта нескладана: трэба зганяць велізарныя лужыны пасля дажджу ў вадасцёк снегапрыбіральнымі шчытамі — вось так бегаюць дзесяць чалавек па асфальце і ганяюць лужыны. Яшчэ трэба было прыбіраць трэскі, якія разлятаюцца па ўсёй прамзоне падчас дрэваапрацоўкі, і дрэўную кару, якая застаецца пасля даставак на складское памяшканне. Мы рабілі гэта адмысловымі шчоткамі, якія звалі «пудзелямі» — выглядалі яны адпаведна. За гэтую працу пасля выліку пражывання і харчавання, наколькі я разумею, на «атаварку» закідвалі рублі два…
…У дадатак пры мне там быў 4-ты атрад, куды адпраўлялі ў асноўным асуджаных паводле арт.328 КК. Іх прымушалі рабіць так званы «грыль». У бочцы распальвалі агонь і кідалі ў яе розную дрэнь — пластык, правады і г. д. На прамзоне пры гэтым — невыносны смурод. Калі ты троху далей, то яшчэ можна вытрымаць. «Палітычных» таксама на «грыль» адпраўлялі.
Самай шкоднай працай у калоніі №1 зняволеныя называюць выпальванне драўнянага вугалю.
«Зняволеныя спальваюць дровы ў металічных бочках без доступу кіслароду, дыхаюць дымам, сажа ўядаецца ў скуру. На такую працу ў лістападзе 2022 года перавялі Віктара Бабарыку, які вымушаны быў працаваць па 9 гадзін 6 дзён на тыдзень. Ён знаходзіўся на вуліцы без доступу ў бытавое памяшканне, падымаў цяжкасці, нягледзячы на супрацьпаказанні па стане здароўя», — паведамляў Тэлеграм-канал зняволенага палітыка.
Яшчэ адна шкодная вытворчасць у Наваполацку — атрыманне медзі са старых кабеляў і дратоў, якія прывозяць з тэлекамунікацыйных і тэхнічных прадпрыемстваў.
«Кабелі трэба ачысціць ад ізаляцыі і дастаць металічную сарцавіну. Паліць аплётку нельга, але часам употай яе паляць уначы, каб не відаць было чорнага дыму. Участак знаходзіцца ў вялікім цэху, дзе зімой вельмі холадна. З інструментаў — толькі адмысловы нож з кляймом, у кожнага свой. Пальчатак і фільтраў не выдаюць. У "палітычных" шасцідзёнка і толькі адзін выхадны ў нядзелю. Часам палітвязняў прыцягваюць да працы і ў святочныя дні», — прыводзіць словы наваполацкага вязня Мікалая «Радыё Свабода».
Глядзіце таксама

Былога палітзняволенага Глеба Гатоўку прымушалі ў калоніі займацца сартаваннем поліэтылену:
«Умовы працы аб'ектыўна былі жудаснымі. Мяне прымусілі перабіраць "бубкі" (поліэтылен высокага ціску — упаковачны матэрыял, які валодае высокай хімічнай устойлівасцю). Гэта абсалютна шкодная праца. Калі мы працавалі, то ў цэху падымаўся пластыкавы пыл. Мы пастаянна дыхалі гэтым. Пабудзеш дзень на "промцы", а потым смаркаешся — усё чорнае. Я надзяваў медыцынскую маску, але праз пару гадзін знаходжання ў цэху на ёй утваралася чорная пляма на ўзроўні носа, там дзе дыхаеш. Таму на "промцы" вельмі хутка і лёгка можна "пасадзіць" сабе лёгкія. Апроч гэтага, усё гэта робіцца без пальчатак, голымі рукамі. Вязні, якія сядзяць даўно, расказвалі, што пасля месяцаў такой працы пачынаюць злазіць пазногці, скура робіцца жоўтай і забіваецца, пальцы распухаюць. Таксама гэтую працу можна лічыць бясплатнай. Вязням могуць залічыць на рахунак пару капеек у месяц, і ўсё».
Яшчэ адзін палітвязень, які адбываў пакаранне ў Наваполацу, Міхаіл згадвае пра тое, як у калоніі займаюцца «утылізацыяй» смецця:
«На тэрыторыі калоніі ёсць так званая "забаронка" — тэрыторыя, якую забаронена наведваць вязням. Там, за будынкамі баракаў, размяшчаецца смеццевая яма, у якую выключна палітвязняў прымушаюць насіць будаўнічыя адкіды. Гэта робіцца ў межах неаплочваемай працы "па самазабеспячэнні". Праца на яме вельмі цяжкая і бязглуздая. Мы там увесь час проста цягалі цэглу. Вязні сталага веку нават пачалі скардзіцца, што з такімі нагрузкамі, ды яшчэ і ў адзіны выхадны, не паспяваюць аднавіцца пасля працоўнага тыдня».
Разборка «гумы» ў Івацэвічах і Бабруйску
На прамзоне ў папраўчай калоніі № 22 у Івацэвічах зняволеныя працуюць на дрэваапрацоўцы, з жалезабетоннымі вырабамі, на швейнай вытворчасці і перапрацоўцы металу. Былога зняволенага Яўгена, які адбываў пакаранне там, пасля каранціну адміністрацыя размеркавала на дрэваапрацоўку, але неўзабаве ў якасці пакарання перавялі на перапрацоўку металу.
«Я меў неасцярожнасць сказаць кіраўніку сталярнага цэху, што ён займаецца адкрытым глупствам — ператварае якасную драўніну ў нейкае пілавінне і наадварот, з нейкага сіняга гнілога лесу спрабуе зрабіць мэблевыя шчыты для "Ікеі". За гэта я хутка трапіў на метал», — згадвае ён. — У ПК-22 зняволеныя могуць працаваць у сталярным цэху або вырываць металічны корпус з сырой гумы, якую пастаўляе "Белшына". За дзве гадзіны зняволеныя мусілі апрацаваць кілаграм сырой гумы. За невыкананне нормы асуджаных адпраўлялі ў ШІЗА. Працу "на гуме" не аплачвалі, а тым, хто працаваў на дадатковай змене, плацілі рубель у месяц».
Былы палітзняволены бабруйскай калоніі №2 Віталь Жук таксама выдзіраў з гумы металічны корд.
«Нас адпраўлялі на працы "на гуму". Зняволеныя там выдзіраюць корд з гумы, якая прывозіцца на прадпрыемства "Белшына". Гэта знаходзіцца не на прамзоне. Згодна з якімі крытэрамі туды адпраўляюць "палітычных" — я не ведаю. Потым гэтую гуму забіралі і везлі. Паводле іншых зняволеных, частку яе везлі ў бок Украіны, яшчэ з часткі рабілі ментаўскія дубінкі і г. д.
Глядзіце таксама

"На гуме" працуюць па дзве гадзіны, а на прамзоне — восем гадзін. Сярод зняволеных адпраўка на прамзону — гэта выдатна, таму што гэта адзіная магчымасць зарабіць. За месяц заробак там складае адзін блок цыгарэт. І простыя зняволеныя гатовыя дзеля яго столькі працаваць. Гэта мяне вельмі здзіўляла. Я наогул не бачыў аніякіх пераваг прамзоны на васьмігадзіннай бясплатнай працы. Але некаторыя казалі, што ім прасцей быць на прамзоне, таму што дзень хутчэй праходзіць і не чапаюць мянты».
«Прафілактычныя» працы ў жаночай калоніі
Былая палітзняволеная Наталля Кукішава расказвае пра прафілактычныя працы ў гомельскай жаночай калоніі №4:
«У атрадзе ты так проста не сядзіш. Цябе заўсёды накіроўваюць на прафілактычныя працы. Напрыклад, зімой я ніколі не надзявала шлёпанцы, заўсёды была ў вулічным абутку. Бо нас пастаянна ганялі на прыборку тэрыторыі: чысціць снег або прыбіраць лужыны. Калонія, напэўна, была самым чыстым месцам у Гомелі, так часта мы там прыбіралі. Як мы прыбіралі лужыны ў калоніі? Спачатку ты шуфлямі і венікамі зганяеш ваду ў каналізацыйны люк, які па ўзроўні знаходзіцца вышэй за лужыну. Гэта робіцца, нават калі ідзе дождж. Калі чакаецца буйная праверка, то трэба было дадаткова вымочваць лужы анучамі».
Глядзіце таксама

Акрамя асноўнай працы, зняволеныя могуць бясплатна прыцягвацца да выканання работ па так званым «калектыўным самаабслугоўванні», што звычайна ўключае ў сябе прыборку памяшканняў і тэрыторыі турмаў і калоній. Зняволеныя жанчыны часта займаліся разгрузкай прадуктаў для кухні, цягалі цяжкія мяхі з бульбай і гароднінай.
Цалкам пра прымусовую працу ў калоніях і турмахможна прачытаць тут.