Адвакат Міхаіл Кірылюк: «Справа Юрыя Васкрасенскага чыста палітычная»
Бізнесоўцу Юрыя Васкрасенскаму выставілі абвінавачанне ў «арганізацыі масавых беспарадкаў». Яму пагражае ад 3 да 8 гадоў пазбаўлення волі, піша Свабода. Адвакат Міхаіл Кірылюк: «Справа Юрыя Васкрасенскага чыста палітычная».
Цягам апошніх двух тыдняў Беларуская тэлевізія паказала два сюжэты з нібыта прызнаннямі бізнесоўца Юрыя Васкрасенскага, якога назвала арганізатарам акцый пратэстаў ва Уруччы. У сюжэтах яго называюць каардынатарам штаба Віктара Бабарыкі.
З 12 жніўня Васкрасенскі знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Прычым, паводле БТ і КДБ, Васкрасенскі сам прыйшоў з чыстасардэчным прызнаннем. Па версіі жонкі бізнесоўца Алены Васкрасенскай, сілавікі 12-га раніцай уварваліся ў кватэру і жорстка затрымалі Юрыя.
«Юрыю інкрымінуецца асабісты ўдзел у масавых беспарадках, але гэтага не было»
Адвакат Юрыя Васкрасенскага Міхаіл Кірылюк патлумачыў Свабодзе, што Юрыю выстаўлена абвінавачванне паводле артыкулу 293 часткі 2 — удзел у масавых беспарадках, якія суправаджаліся «гвалтам над асобай, пагромамі, знішчэннем маёмасці альбо ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады», як прапісана ў Крымінальным кодэксе.
«Юрыю інкрымінуецца ўдзел. Частка 2 артыкулу 293 прадугледжвае менавіта асабісты ўдзел у масавых беспарадках, але гэтага не было. Пакаранне паводле гэтага артыкулу — ад 3 да 8 гадоў. Наша з Юрыем пазіцыя — што ён цалкам невінаваты, ён ніякіх дзеянняў, якія яму інкрымінуюць, не ўчыняў», — тлумачыць Міхаіл Кірылюк.
Адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб невыдаванні зьвестак, таму не можа агучыць некаторую інфармацыю, якая стала яму вядомая падчас следства. Да таго ж ён пакуль не азнаёміўся з поўнымі матэрыяламі справы. Але Міхаіл Кірылюк заяўляе пра абсалютную невінаватасць свайго падабароннага.
«Нават калі лічыць добраахвотным прызнаннем тое, што паказала БТ (хаця я не лічу гэта прызнаннем), я бачу поўную неадпаведнасць тых заяваў, якія зьявіліся ў публічнай прасторы і якія ўжо не адносяцца да тайны следства, з крымінальным артыкулам.
У сюжэце ён кажа, што нібыта ён даў грошы на пакупку лазерных указак. У крымінальным артыкуле ёсць фармулёўка „ўзброены супраціў работнікам міліцыі“ Аднак указка — гэта не зброя. Указка — канцылярскі тавар. Прабачце за параўнанне, але паводле логікі, што да гэтага артыкула, ён павінен быў асабіста „засвяціць“ амапаўцу ў твар, і той мусіў атрымаць траўму», — разважае адвакат.
«Калі б у следчых былі рэчавыя доказы, мы б іх таксама ўбачылі па БТ»
Відэа, якое неаднаразова «круцілі» па некалькіх дзяржаўных тэлеканалах з 19 па 23 жніўня, адвакат Юрыя Васкрасенскага раскладае на дзве часткі: крымінальную і палітычную.
«Першая частка — гэта прызнанне ў крымінальным злачынстве. Хаця, на мой погляд, маючы чыстасардэчнае прызнанне чалавека, следчыя КДБ нават не змаглі яго правільна кваліфікаваць. Ён прызнаецца, што даваў грошы на ўказкі, а яму інкрымінуюць асабісты ўдзел.
Следчыя пачалі з публічнай заявы Юрыя, яны вырашылі выкласці матэрыялы, каб прадэманстраваць свету, што затрымалі не палітыка, а сапраўднага тэрарыста. А дзе доказы? Калі б у іх былі рэчавыя доказы, мы б іх таксама ўбачылі па БТ. Але гэтага мы не пабачылі», — перакананы адвакат.