Адвакат Таццяны Рэвякі не выходзіць на сувязь

Сёння ў судзе Цэнтральнага раёна сталіцы мусіў адбыцца разгляд адміністрацыйнае справы ў дачыненні да вядомай праваабаронцы Таццяны Рэвякі. Аднак яго перанеслі, бо ў суд па невядомых прычынах не з’явіўся адвакат.

ravjaka_logo.jpg

Яшчэ надоячы ён быў на працы, там паведамілі, што ў аўторак зранку ён мусіў быць у судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Але ў прызначаны час ён не з’явіўся. Ні па месцы працы, ні сваякі не ведаюць, дзе можа знаходзіцца юрыст. На момант падрыхтоўкі гэтага артыкула яго тэлефоны былі недаступныя. У бюро па рэгістрацыі няшчасных выпадкаў, куды пазваніла Рэвяка, паведамілі, што ў спісах людзей, якія трапілі ў лякарні, прозвішча яе абаронцы няма.  

Каля двух дзясяткаў чалавек — калегі Таццяны Рэвякі і журналісты прачакалі ў будынку суда больш за тры гадзіны. За гэты час суд накіраваў афіцыйны запыт па месцы працы адваката, але там нічога ўцямнага паведаміць не змаглі. Таму суддзя Вікторыя Шабуня, якая вядзе працэс, вырашыла адкласці яго на 9.30 раніцы 26 красавіка.

Нагадаем, што Таццяну Рэвяку затрымалі на Кастрычніцкай плошчы Мінска ўдзень 26 сакавіка. Разам з іншымі затрыманымі ў аўтазаку праваабаронцу адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна. Там людзей цягам доўгага часу прымусілі стаяць у дворыку тварам да сцяны з узнятымі дагары рукамі.

Таццяну Рэвяку абвінавачваюць па двух артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях — 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.34 (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве). З запісаў у складзеным міліцыянтамі пратаколе, які затрыманая не падпісвала, вынікае, што яна нібыта лаялася матам і размахвала рукамі. Гэта стандартныя абвінавачанні, якія выстаўляюць супрацоўнікі праваахоўных органаў удзельнікам вулічных акцый пратэсту.