Адвакаты Бабарыкі не атрымлівалі афіцыйнага паведамлення аб перадачы справы ў суд

Абарона экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, экс-кіраўніка "Белгазпрамбанка" Віктара Бабарыкі дагэтуль не атрымала афіцыйнага паведамлення аб накіраванні справы свайго падабароннага ў суд і не ведае, дзе і калі яно будзе разглядацца, паведамляе Інтэрфакс.

1594719183_445826_logo_1.jpg


"Мы, вядома, ведаем, што яно там (у Вярхоўным судзе — ІФ), але па тэлефоне мне не даюць ніякіх звестак — будзе яно разглядацца там ці ў іншым судзе", — паведаміў карэспандэнту "Інтэрфакс-Захад" адвакат Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі.
Паводле яго слоў, ёсць верагоднасць, што яно будзе перададзена ў суд ніжэйшай інстанцыі. "Закон дазваляе Вярхоўнаму суду разглядаць любую справу. Але на практыцы гэта здараецца тады, калі адзін з абвінавачаных з'яўляецца дзяржслужачым высокага ўзроўню або ёсць дзяржаўная таямніца. Нічога такога я тут не бачу", — сказаў адвакат.
Ён лічыць ,што "прыняцце ВС гэтай справы да свайго разгляду спалучана з пэўнымі наступствамі, самае галоўнае з якіх — адсутнасць апеляцыйнай інстанцыі".
"Таму мы пакуль у стане нявызначанасці, але на гэтым тыдні спадзяемся даведацца, у якім судзе будзе разглядацца справа", — дадаў ён.
Адвакат таксама падкрэсліў, што нягледзячы на доўгае ўтрыманне пад вартай, Віктар Бабарыка "вельмі бадзёра настроены".
"Першае — мы бачым шмат прычын спрачацца з абвінавачваннем. То-бок, наяўнасць прававой пазіцыі гэта важкая падстава захоўваць бадзёрасць духу. Другое — ён бачыць трансфармацыю, якая адбываецца і адбылася ў розумах людзей. Разуменне таго, што мноства людзей сталі думаць па іншаму — гэта для яго добрая падтрымка. І ён ведае, што людзі яго падтрымліваюць", — распавёў Лаеўскі.
Раней прадстаўніца Генпракуратуры краіны Анжаліка Курчак паведаміла, што крымінальная справа Бабарыкі і яшчэ шасці топ-мэнэджараў "Белгазпрамбанка" перададзеная ў Вярхоўны суд.
У рамках крымінальнай справы абвінавачваюцца восем чалавек, з іх сямёра (у тым ліку Віктар Бабарыка) знаходзяцца пад вартай, адзін пад хатнім арыштам.
Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард былі затрыманыя і змешчаныя ў СІЗА КДБ 18 чэрвеня. Следства раней заяўляла, што ў "Белгазпрамбанку" была створана арганізаваная злачынная група. Бабарыка сваю віну не прызнаў.
У лістападзе КДБ паведаміў, што завершанае папярэдняе расследаванне ў дачыненні да топ-мэнэджэраў ААТ "Белгазпрамбанка". У прыватнасці, былому старшыні праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыку прад'яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 430 ч. 2 арт. 235 КК Рэспублікі Беларусь па фактах атрымання хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, а таксама легалізацыі ("адмывання") сродкаў, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры адпаведна, інфармавалі ў камітэце.