Адвакаты выступілі з заявай у падтрымку Максіма Знака і Іллі Салея. Пад ёй ужо падпісаліся каля 1800 чалавек

Адвакаты і юрысты Беларусі выступілі з адкрытай заявай у сувязі з затрыманнем 9 верасня іх калегаў Максіма Знака і Іллі Салея. Пад зваротам ужо каля 400 подпісаў, паведамляе «Свабода».

Архіўнае фота www.svaboda.org. Максім Знак, Марыя Калесьнікава, Ілля Салей (злева направа)

Архіўнае фота www.svaboda.org. Максім Знак, Марыя Калесьнікава, Ілля Салей (злева направа)

«Мы, адвакаты і юрысты Рэспублікі Беларусь, якія падпісалі гэты зварот, цвёрда перакананыя, што падставы для пераследу нашых калегаў адваката Максіма Знака і адваката Іллі Салея адсутнічаюць», сказана ў заяве.

У ёй згадваюцца прафесійныя заслугі Максіма Знака і Іллі Салея і падкрэсліваецца, што ў сваіх дзеяннях, вусных і пісьмовых паведамленнях яны ніколі:

  •     не заклікалі да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
  •     не звярталіся з мэтай учынення гэтых дзеянняў да замежных дзяржаваў, замежных або міжнародных арганізацый;
  •     не распаўсюджвалі матэрыялы, якія змяшчаюць названыя вышэй заклікі.

У заяве падкрэсліваецца, што адвакацкая супольнасць Беларусі цяпер «востра адчувае, як хутка падае прэстыж прафесіі адваката», адвакаты зазнаюць пераслед і ціск з боку сілавых структур у сувязі са сваёй прафесійнай дзейнасцю і «ўжо не могуць паўнавартасна і бяспечна выконваць свае прафесійныя абавязкі».

Адвакаты патрабуюць:

  •     Неадкладна вызваліць Максіма Знака і Іллю Салея.
  •     Спыніць ціск на адвакатаў Беларусі і выконваць закон «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь».
  •     Не перашкаджаць рэалізацыі грамадзянам Беларусі свайго права на карыстанне юрыдычнай дапамогай (арт. 62 Канстытуцыі)

    Спыніць пераслед адвакатаў, якія, рэалізуючы канстытуцыйнае права на свабоднае выказванне меркаванняў і перакананняў (арт. 33 Канстытуцыі), выказваюць сваё меркаванне ў рамках прафесійнай дзейнасці.

На момант публікацыі пад заявай падпісаліся ўжо каля 400 чалавек.