Алена Лапцёнак: У Беларусі закратавалі ўсю краіну

Два гады прайшло, а ў нас не заканчваюцца рэпрэсіі. Усе, хто хоць крышку займаўся незалежнай журналістыкай, грамадскай дзейнасцю, — усе ў небяспецы. Усе ў групе рызыкі. Навіны проста страшна чытаць.

Актыўныя беларусы і за мяжой працягваюць займацца грамадскай дзейнасцю. Сярод іх — і праваабаронца Алена Лапцёнак, якая вымушана пакінула Радзіму, а цяпер, сярод іншага, дапамагае ўцекачам з Украіны.

— Ужо пэўны час вы знаходзіцеся па-за Беларуссю не па сваім уласным жаданні. Як вашыя справы і настрой?

— Нягледзячы на тое, што фізічна я знаходжуся па-за Беларуссю, безумоўна, знаходжуся ў беларускім кантэксце. Працягваюцца рэпрэсіі ў краіне. Які тут можа быць добры настрой?

— Вы асабіста далучыліся да справы дапамогі ўкраінскім уцекачам у Польшчы, якая вельмі шчыра іх прыняла. Раскажыце пра вашую валанцёрскую дзейнасць.

— Я апынулася ў Кракаве. Гэта горад недалёка ад мяжы, і туды ехалі цягнікі з уцекачамі. Іх было вельмі шмат. Польшча вельмі шчыра падключылася да дапамогі. Спатрэбіўся пэўны час для ўладаў, каб яны наладзілі гэтую працу. І таму валанцёрскія ініцыятывы вельмі спатрэбіліся. Зараз ідзе больш сур’ёзная праца, але існуе і валанцёрскі пункт, які ўзнік пры дапамозе беларусаў. Там шмат беларусаў валанцёрыць, проста ўжо няма такой колькасці бежанцаў. Едуць людзі траўмаваныя, і псіхалагічны стан у іх не вельмі просты. Тут мусяць быць спецыялісты.

— За час, калі вы дапамагалі ўцекачам з Украіны, ці было негатыўнае стаўленне да таго, што вы — беларуска?

— Не, я не сутыкалася. Адзіны момант такі быў малапрыемны ад валанцёркі. Гэта былі не негатыўныя выказванні супраць мяне, а пра тое, што вось, мы, беларусы, не змаглі. Што беларусы такія нямоглыя. А вось мы, украінцы, нам пад сілу тое і тое.  

Я не стала спрачацца, бо гэта бессэнсоўна. Калі чалавек мае такія перакананні, які сэнс яму нешта даказваць?

— Або даказваць, што мы мала ці слаба пратэставалі?

— Па-першае, два гады прайшло, а ў нас не заканчваюцца рэпрэсіі. Калі, напрыклад, затрымалі Аксану Колб, — чалавека, з якім я сябрую, і якая заставалася да апошняга ў Беларусі. Ты перажываеш за кожнага знаёмага чалавека, які застаецца. Разумееш, што ўсе, хто хоць крышку займаўся незалежнай журналістыкай, грамадскай дзейнасцю, усе ў небяспецы. Усе ў групе рызыкі. Навіны проста страшна чытаць.  

Многія ўкраінцы проста не ведаюць сітуацыі. І ім здаецца, што людзі выйшлі на пратэсты і змірыліся. А ў нас закратавалі ўсю краіну! Сітуацыя з палітвязнямі, каго прызнаваць, каго — не. Але мы ведаем, што сядзіць нашмат больш. Некаторыя самі не хочуць даваць інфармацыю, бо ім здаецца, што тады ім прасцей будзе сядзецца.

Расце колькасць тых, хто прайшоў праз крыміналку і працягвае праходзіць, і тое, што зараз адбываецца ў штрафных ізалятарах — давешванне новых крыміналак на людзей, альбо перавод у турму з “хіміі”. Гэта ўсё страшна! Пра гэта трэба казаць, нагадваць міжнароднай супольнасці, каб яны працягвалі змагацца і за Беларусь.

У Беларусі праваабаронца Алена Лапцёнак знаходзіцца пад крымінальным пераследам.

Паводле Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: