«Хто вам патэлефанаваў?» Блогер Андрэй Павук паведаміў у 102 на ўзлом яго кватэры, і вось што пачуў у адказ
Раніцай 26 траўня супрацоўнікі міліцыі прыйшлі з ператрусам у беларускую кватэру блогера Андрэя Павука і ягонай былой жонкі Вольгі ў пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці. Акрамя таго, ператрусы прайшлі ў кватэры бацькоў блогера і ягонай жонкі. Пра гэта ён распавёў у сваім блогу «Рудабельская паказуха», піша найбуйнейшы беларускі партал (прызнаны «экстрэмісцкім»).
— Да нас у Акцябрскі прыехалі невядомыя людзі на бусе, і
сталі рабаваць нашу кватэру. Забралі знаёмага з Акцябрскага, у межах нейкай
крымінальнай справы. Як я зразумеў «за зносіны з намі», — апісвае
сітуацыю Павук.
Па словах блогера, ператрусы прайшлі таксама ў бацькоў яго
былой жонкі і яго бацькоў. Але нікога не затрымалі.
Акрамя таго, Андрэй Павук патэлефанаваў у міліцыю, паведаміўшы,
што невядомыя грамяць ягоную кватэру. Калі аператар па тэлефоне 102 даведалася,
хто менавіта ёй тэлефануе, і што сам Андрэй знаходзіцца ў Літве, адбыўся
наступны дыялог.
— А адкуль у вас інфармацыя, што там адбываецца?
— Ёсць інфармацыя, не магу сказаць ад каго.
— Хто вам паведаміў і адкуль у вас такая інфармацыя, што там
адбываецца? Хтосьці жыве ў вас?
— З суседняга дома мне паведамілі. Там ніхто не пражывае.
— Гэта значыць праніклі невядомыя, і што робяць?
— Грамяць ўсё там, ламаюць.
— А што значыць «грамяць, ламаюць», маёмасць?
— Так, б'юць там усё.
— Суседзяў кантактны тэлефон, хто патэлефанаваў?
— Не магу сказаць.
Нагадаем, раніцай 26 траўня ў вёсцы Страдзеч пад Берасцем
затрымалі бацькоў вядомай беларускай опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук.
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што іх затрымалі «за
непадпарадкаванне»: нібыта не хацелі адчыняць дзверы сілавікам (пазней ім прысудзілі штраф у эквіваленце 4000 долараў).
Маргарыта Ляўчук, Андрэй і Вольга Павук знаходзяцца за мяжой. Пасля вымушанага ад'езду з Беларусі Андрэй і Маргарыта стварылі дуэт «Чырвоная Зеляніна», які высмейвае сваімі вострасацыяльнымі песнямі суровыя Беларускія будні. Раней пракуратура Беларусі паведаміла аб распачынанні ў дачыненні да музыкаў крымінальных спраў. На Андрэя завялі крыміналку паводле ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). На Маргарыту — за здзек над дзяржсімволікай.