Алесь Звонак: Праз 18 гадоў вярнуўся на Беларусь

14 лютага спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, крытыка, перакладчыка, гулагаўскага вязня Алеся Звонака (1907–1996). Калі ўтварыўся Саюз пісьменнікаў СССР, Алесь Звонак адным з першых у Беларусі атрымаў членскі білет за подпісам Максіма Горкага.

ales_zvonak.jpg

Алесь Звонак нарадзіўся ў Мінску. Выхоўваўся ў дзіцячым доме. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі, быў накіраваны адказным сакратаром газеты «Чырвоная Полаччына». З 1927 года працаваў на Беларускім радыё, затым – у часопісе «Маладняк». Шмат вучыўся. Спачатку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, пасля ў Маскоўскім універсітэце, у аспірантуры Акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе. А калі ўтварыўся Саюз пісьменнікаў СССР, Алесь Звонак адным з першых у Беларусі атрымаў членскі білет за подпісам Максіма Горкага.

Алесю Звонаку давялося прайсці вельмі складаны жыццёвы шлях. У лістападзе 1936 года ён быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. За гэты час паэт нямала перажыў, авалодаў новымі прафесіямі. Працаваў на геалагічных аб’ектах Поўначы. Нават мыў там золата. У канцы 1954 года Вярхоўным судом паэт быў рэабілітаваны і ў 1955 годзе ён вярнуўся ў Мінск.

Алесь Звонак пачаў друкавацца з 1925 года. Першы зборнік вершаў «Пунсовае ранне» (1926) выдаў разам з Янкам Бобрыкам і Янкам Туміловічам. Раннія творы паэта «Буры ў граніце» (1929), «На лінію агню» (1932), «Мая Радзіма» (1935) вызначаюцца аптымістычным жыццесцвярджальным пафасам і рамантычнай узнёсласцю. У пазнейшых зборніках «Табе адной» (1957), «Запаветнае» (1961), «Россып» (1967), «Прадчуванне» (1974) паэтызуюцца працоўныя будні Радзімы, а таксама ўслаўляецца хараство прыроды. 

natallja_viszneuskaja_i_ales_zvonak_1930_h..jpg

Пасля вяртання з лагераў, Алесь Звонак стварыў шмат санетаў, якія сабраў у адной кніжцы пад назвай «Санеты» (1982). Гэта – філасофскія разважанні аб жыцці і дзейнасці чалавека, аб яго пачуццях і жаданнях, аб простых жыццёвых назіраннях.

Выступаў літаратар і ў галіне крытыкі, драматургіі тэатра і кіно. Аўтар паэм «Каршун» і «Загай», п’есы «Навальніца будзе» па матывах трылогіі Якуба Коласа «На ростанях», сцэнарыяў навукова-папулярных фільмаў «Якуб Колас», «Вобразы і думы». Выдаў кнігу артыкулаў і ўспамінаў «Неспакойныя сэрцы» пра беларускіх пісьменніках.

У 1992 годзе кніга вершаў «Святлацені» Алеся Звонака была ўдастоена Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

У апошнія гады свайго жыцця паэт пісаў пра тое, што найбольш яго хвалявала. Вось радкі з аднаго з яго вершаў:

Ніхто не змог, не зможа й надалей,

Няма такое сілы валатовай,

Змагла каб вырваць з матчыных грудзей

Жывое сэрца Беларусі – мову!

Беларускае Радыё Рацыя