Аляксандр Фрыдман: Лагер у «Брузгах» можа быць закрыты ўжо ў найбліжэйшыя дні

Прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужб Польшчы Станіслаў Жарын паведаміў, што ў аэрапорце ў Мінску знаходзіцца шмат мігрантаў, якія чакаюць эвакуацыйных рэйсаў. У доказ ён размясціў відэа, на якім бачныя людзі, якія ляжаць на падлозе ў спальніках і на коўдрах.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Польскае радыё паведамляе, што частка мігрантаў пакінула ГЛЦ «Брузгі». Хутчэй за ўсё, іх адправілі ў Нацыянальны аэрапорт «Мінск».
3 снежня расійскае і беларускае тэлебачанне выпусціла відэа, на якім мігранты пратэставалі супраць дэпартацыі на радзіму і заяўлялі аб сваім жаданні патрапіць у Еўропу.
Паводле меркавання гісторыка і палітычнага аглядальнікаАляксандра Фрыдмана, гэта азначае, што беларуская ўлада вырашыла паступова згортваць лагер у «Брузгах» і дэпартаваць мігрантаў.
Раней пра гэта сведчыла публікацыя нямецкага часопіса «Spiegel».
Часопіс паразмаўляў з іракцамі і сірыйцамі, якія знаходзяцца ў ТЛЦ «Брузгі», а таксама з курдамі, якія вярнуліся на радзіму. Суразмоўцы часопіса сцвярджаюць, што лагер у «Брузгах» можа быць закрыты ўжо ў найбліжэйшыя дні. Яны расказваюць, што беларускія сілавікі тлумачаць неабходнасць дэпартацыі адсутнасцю фінансавання лагера з боку ЕС.
Курд, які вярнуўся ў Эрбіль, адзначае ў інтэрв'ю, што толькі частка яго суграмадзян пакінула Беларусь добраахвотна. У мінулую пятніцу нібыта прайшла аблава на курдаў: іх затрымлівалі ў здымных кватэрах або проста на вуліцах, звезлі ў Нацыянальны аэрапорт «Мінск», а затым адправілі на радзіму.
«У Мінску, здаецца, ужо прынялі прынцыповае рашэнне і проста жадаюць зняць непрыемную міграцыйную тэму з парадку дня», — мяркуе Аляксандр Фрыдман.
У той жа час, менавіта цяпер у мігрантаў, якія захраслі на беларуска-польскай мяжы, з'яўляецца, няхай і невялікі, шанец трапіць у Германію. Там прыходзяць да ўлады «зялёныя», якія выступаюць за прыняцце мігрантаў.
«Мігранты разумеюць, што новы ўрад ФРГ можа стаць для іх шанцам (хоць і вельмі прывідным), і ў тым ліку з гэтай прычыны пярэчаць дэпартацыі», — лічыць эксперт.
thinktanks.by