Папа Францішак: «Расплюшчыць вочы на рабства і катаванні мігрантаў»

«Расплюшчыць вочы» на рабства і катаванні, якія зведалі мігранты ў лагерах, заклікаў папа Францішак на экуменічным набажэнстве ў адной з цэркваў Нікасіі.

Фота з сайта minval.az

Фота з сайта minval.az

У ім прынялі ўдзел некалькі дзясяткаў мігрантаў з дзецьмі. Частка з іх увойдзе ў групу з 50 чалавек, якую Пантыфік мае намер перавезці з Кіпра ў Італію.

«Гэта нагадвае нам гісторыю мінулага стагоддзя, нацыстаў, Сталіна, і мы дзівімся, як такое магло здарыцца, — заявіў Францішак. — Тое, што адбывалася раней, здараецца сёння на суседніх берагах. Яны сталі месцам гандлю рабамі, я паглядзеў некалькі знятых на стужку сведчанняў. Гэта месца катаванняў, тут прадаюць людзей. Мой абавязак — расплюшчыць вам вочы».

Людзі, якія сабраліся ў царкве, падзяліліся з Пантыфікам сведчаннямі пра падарожжы з Ірака, Шры-Ланкі, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і Камеруна. Адзін з мігрантаў заявіў, што яго «паранілі нянавісцю»: «Мне давялося бегчы ад гвалту, бомбаў, нажоў, голаду і болю, — распавёў Рош, уцякач з Ірака. — Мяне гналі па пыльных дарогах, запіхвалі ў грузавікі, хавалі ў багажніках машын, кідалі ў лодкі, падманвалі, эксплуатавалі, забывалі, адпрэчвалі»...

Некаторыя падзяліліся з Пантыфікам марай: «Я мару быць найлепшай у сваім класе і стаць лекарам, — распавяла Марыямі з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. — Я мару, каб мне ўсюды былі рады: тут, у царкве, і ў любым іншым месцы».

Дзясяткі каталікоў з краін Блізкага Усходу, Афрыкі і Азіі сабраліся каля царквы Святога Крыжа, калі даведаліся пра тое, што Францыск забярэ 50 мігрантаў у Італію. Мігранты спадзяюцца, што і яны атрымаюць шанц распачаць новае жыццё.

Паводле звестак кіпрскіх уладаў, за 10 месяцаў года на востраў прыбылі да 10 000 нелегальных мігрантаў.

Паводле euronews.com