Аляксей Лявончык: Рэжым перайшоў да захопу пасажырскіх самалётаў
Блогер і каардынатар фонду BYSOL Аляксей Лявончык пракаментаваў затрыманне Рамана Пратасевіча.

Аляксей Лявончык
«Беларусь пачала захопліваць пасажырскія самалёты.
Такім чынам, мы ведаем, што на борце пасаджанага ў Мінску рэйса Афіны-Вільня быў Раман Пратасевіч. Можна дакладна сказаць, што гэта "мініраванне" было не выпадковым.
Але я б яшчэ зразумеў, калі б "мініраванне" адбылося, калі рэйс пралятаў над умоўнымі Баранавічамі: адтуль Мінск сапраўды самы блізкі аэрапорт, а пілоты, у выпадку небяспекі, садзяць рэйс у найбліжэйшым аэрапорце з належнымі ўмовамі.

Траекторыя руху борта
Але "мініраванне" адбылося, калі рэйс знаходзіўся ў пары дзясяткаў кіламетраў ад літоўскай мяжы. Мяркуючы па флайрадару, машына ў гэты момант была ў менш чым за сто пяцьдзесят км ад Вільні, што рабіла аэрапорт літоўскай сталіцы самым лагічным для аварыйнай пасадкі. Але борт раптам разварочваецца і ляціць у Мінск.
Наўрад ці пілот, знаходзячыся ў здаровым розуме і цвёрдай памяці, свядома б накіраваў рэйс на далёкі аэрадром, калі пад носам быў міжнародны аэрапорт таго ж класа. І тут нам дапамагае дзяржаўная *** пад назвай Пул першага, якая выхваляецца, што "Галоўнакамандуючы загадаў падняць знішчальнік для суправаджэння рэйса"».