АМАП затрымаў адвакатаў, якіх пазбавілі ліцэнзіі. Іх забралі ў РУУС, потым прымушалі дыхаць у трубку
Здарэнне адбылося 26 сакавіка на вуліцы Чырвонай у Мінску, дзе знаходзіцца некалькі юрыдычных кансультацый. Удзельнікі гісторыі адмаўляюцца каментаваць падзеі вечара ад свайго імя, але вось што вядома ў агульных рысах, распавядае «Наша Ніва».
![Ілюстрацыйны здымак. Фота Белнавіны Ілюстрацыйны здымак. Фота Белнавіны](/img/v1/images/1595965807_bojcy_omona_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйны здымак. Фота Белнавіны
У юрыдычнай кансультацыі сабраліся два дзясяткі адвакатаў, каб развітацца з пазбаўленымі ліцэнзіі калегамі. Літаральна праз паўгадзіны ад пачатку ў будынак прыехаў АМАП і папрасіў усіх на выхад. Адвакатаў прывезлі ў РУУС, а пасля — на вуліцу Перадавую, дзе знаходзіцца медыцынская экспертыза гарадскога наркалагічнага дыспансера.
Пасля чаго на тых, хто быў выпіўшым, склалі пратаколы па
артыкуле 19.3 КаАП («Распіццё алкагольных напояў на працоўным месцы») і
адпусцілі. Тых, хто не выпіваў, адпусцілі без пратакола.
Самі адвакаты лічаць, што такі хуткі прыезд міліцыі можа
азначаць, што офісы адвакацкіх кансультацый цяпер праслухоўваюцца ў рэжыме
рэальнага часу.