Анархістаў выдалілі з залы пасяджэння. Суд над імі ідзе ў закрытым рэжыме чацвёрты дзень

Судзяць анархістаў Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Рэзановіча і Сяргея Раманава закрытым судом. Прычынай названа абарона персанальных даных траіх пацярпелых, паведамляюць праваабаронцы.

Дзмітрый Дубоўскі, Ігар Аліневіч, Дзмітрый Рэзановіч і Сяргей Раманаў у судзе. Фота з тэлеграм-канала «Права на паўстанне»

Дзмітрый Дубоўскі, Ігар Аліневіч, Дзмітрый Рэзановіч і Сяргей Раманаў у судзе. Фота з тэлеграм-канала «Права на паўстанне»

У Мінскім абласным судзе на працягу тыдня ў закрытым рэжыме ідзе працэс па крымінальнай справе супраць анархістаў Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Рэзановіча і Сяргея Раманава.

На пачатку працэсу суддзя Валерый Тулека па хадайніцтве пракурора зрабіў разгляд справы закрытым для слухачоў; прычына — абарона персанальных даных траіх пацярпелых, якія праходзяць па справе.

Вядома, што прынамсі траіх абвінавачаных — Аліневіча, Рэзановіча і Раманава — выдалілі з залы суда за парушэнне парадку ў пасяджэнні. Гэта вынікае з ліста Дзмітрыя Дубоўскага да сястры, які прыводзіць тэлеграм-канал «Права на паўстанне».

«Вось і вярнуўся (бліжэй да вечара) пасля сённяшняга шалёнага дня: нашага з'яўлення ў судзе. Калі шчыра, я нават не зразумеў, што гэта было, і знаходзіўся ў пэўнай разгубленасці нават :) Занадта ўсё эмацыйна і мітусліва было.

Дагэтуль не магу ачуняць і неяк падагульніць гэты дзень. Як быццам паглядзеў нейкі сон мімалётны… Такое адчуванне, што нічога яшчэ і не было, што суд яшчэ і не пачынаўся.

Не ведаю, як я выглядаў збоку, але сам сабой не задаволены… Неяк усё па-іншаму сабе ўяўляў і планаваў.

Аднак усе надуманыя канструкты, шаблоны, фразы па сутнасці справы кудысьці адсекліся, магчыма, яшчэ па дарозе з турмы ў суд, у зале якога дык і наогул усё, што думалася і трымалася ў галаве да гэтага, замясціліся абсалютна іншым… Хаця бліжэй да завяршэння дня, здаецца, стабілізаваў свой стан і стараўся паглыбляцца ў ход разгляду, слухаючы ўважліва паказанні пацярпелых, месцамі было цікава…

Дэмаралізавала яшчэ тое, што адвакат так і не наведаў мяне перад пачаткам суда, адсюль і нервовасць, мабыць. Ну і сам фармат пасяджэння зусім не спрыяе нейкаму справядліваму разгляду.

Безумоўна, засмуціла яшчэ і тое, што вас (хто прыйшоў) выдалілі з залы і зрабілі пасяджэнне закрытым, што, у прынцыпе, было чакана.

Пасля гэтага наогул не хацелася там заставацца, у прынцыпе, што і зрабілі мае таварышы, якія вырашылі не наведваць пасяджэнні да пэўнага моманту, каб не псаваць сабе нервы і не марнаваць сілы на бескарыснае мерапрыемства. Я, у сваю чаргу, пакуль яшчэ застаюся і наведаю адно пасяджэнне, паназіраю за працэсам… але без асаблівага ўмяшання са свайго боку. Будзем чакаць спрэчак бакоў і "апошняга слова" з прысудам.

Здаецца, усе абяцалі з'явіцца і вярнуцца ў суд менавіта ў гэтыя апошнія дні разгляду справы :) Неяк так… з гэтым судом».

Нагадаем, анархісты Ігар Аліневіч, Дзмітрый Дубоўскі, Дзмітрый Рэзановіч і Сяргей Раманаў былі затрыманыя ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года недалёка ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Іх вінавацяць паводле шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ і дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці:

• ч. 2 арт. 289 — «Акт тэрарызму»;

• ч. 2 і ч. 4 арт. 295 — «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»;

• ч. 1 арт. 333-1 — «Незаконнае перамяшчэнне праз мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прылад» (толькі Дзмітрыя Дубоўскага і Ігара Аліневіча).

Больш за год анархісты ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ, ім пагражае да 20 гадоў зняволення.

Даслаць анархістам лісты і паштоўкі можна на адрас:

Галоўпаштамт, а/с 8, Мінск, 220050,

Дубоўскаму Дзмітрыю Мікалаевічу,

Аліневічу Ігару Уладзіміравічу,

Раманаву Сяргею Аляксандравічу,

Рэзановічу Дзмітрыю Рыгоравічу.