2 года «хіміі» за сарваны сцяг – «шчырае раскаянне» на прысуд не паўплывала
Жыхару Баранавічаў прысудзілі 2 гады «хіміі» за сарваны чырвона-зялёны сцяг, паведамляюць праваабаронцы.
У судзе Баранавічскага раёна і годада Баранавічы 17 лістапада агучылі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Аляксандра Гаўрыльчыка, якога вінавацілі ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 Крымінальнага кодэкса).
Вечарам 16 верасня 2021 года Аляксандр Гаўрыльчык дацягнуўся да дрэўка сцяга, замацаванага на магазіне “Южанка” ў Баранавічах, пасля чаго, сарваў сцяг і пашкодзіў дрэўка, разламаўшы яго на дзве часткі, пранёс сцяг да месца свайго жыхарства.
Аляксандр Гаўрыльчык прызнаў віну цалкам. У судзе патлумачыў, што ў той дзень выпіваў з сябраў, пасля мужчыны падышлі да банкамату каля магазіну “Южанка”, знялі грошы, а калі абвінавачаны вяртаўся дадому – пабачыў сцяг.
“Мы з сынам часта ходзім на футбол, дзе ёсць аматары са сцягамі. Сын спытаў у мяне, дзе наш сцяг. І я нічога больш не прыдумаў, як сарваць сцяг. Сарваў сцяг і прынёс дадому”, – распавёў Аляксандр Гаўрыльчык.
У судзе апыталі сведку – сябра абвінавачанага, а сведкі – супрацоўнікі магазіна “Южанка” – у суд не з’явіліся.
Падчас спрэчак бакоў пракурорка Вераніка Палулех прасіла суд прызнаць Аляксандра Гаўрыльчыка вінаватым і па арт. 370 КК прызначыць яму два гады “хіміі”.
Абвінавачаны сказаў, што аступіўся, але “кожны чалавек мае права на другі шанец, каб загладзіць свае памылкі”.
“Я ні ў якім выпадку не хацеў абразіць сваю краіну або здзекавацца са сцягам. <...> Хачу папрасіць прыняць да ўвагі змякчальны фактар маёй віны – цяжкую хваробу сына, якога прыходзіцца вазіць у Мінск кожны месяц”, – сказаў Гаўрыльчык.
У выніку суддзя Сяргей Данільчык прызначыў Аляксандру Гаўрыльчыку пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.