Анатоль Лябедзька пра УНС: Чаму яны збіраюцца на сваё мерапрыемствы і засоўваюць руку ў дзяржаўны бюджэт?
Гэта сход толькі адной палітычнай сілы. Не больш таго. Кіраўнік цэнтра «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька так ахарактарызаваў для «Радыё Рацыя» праўладны Усебеларускі народны сход, які сёння (11 лютага) пачынаецца ў Мінску.
Больш таго, як падкрэслівае эксперт, — падзеі паказваюць, гэта на сёння не самая папулярная палітычная сіла. Ёсць у Анатоля Лябедзькі і іншыя заўвагі.
— Гэта прыхільнікі адной палітычнай сілы, умоўна назавём яе “ябацька” ці “Белая Русь”. Чаму яны збіраюцца на сваё мерапрыемства, засоўваюць сваю ліпкую руку ў дзяржаўны бюджэт, дзе ў тым ліку знаходзяцца і мае падаткі? Вось гэта анамальна. А другая акалічнасць, прымаючы нейкія рашэнні, прымушаюць усіх астатніх, у тым ліку і мяне, як грамадзяніна гэтай краіны, выконваць гэтыя рашэнні. Пагадзіцеся, гэта зноў алагічна.
— Імітацыя палітычнага дыялогу. Так пра беларускі сход, які сёння пачынаецца ў Мінску — кажа лідар беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігар Барысаў.
Кіраўніка гэтай палітычнай структуры запрашалі ў якасці госця на сход, але аднапартыйцы аднагалосна прынялі рашэнне — не ўдзельнічаць.
Як заўважае лідар партыі Ігар Барысаў, прадстаўнікі апазіцыі на сходзе Аляксандру Лукашэнку патрэбныя выключна для імітацыі так званага грамадскага дыялогу.
— Каб паказаць, што адбываецца дыялог. Няхай сабе яны і не згодныя, але яны гатовыя ўдзельнічаць у гэтых працэсах. Але ж мы бачым, што адбываецца падмена гэтых паняццяў. Мяркую, што ўсе празмерна спрабуюць надаць гэтаму сходу значнасць. Хаця мы ўсе цудоўна разумеем, што гэта неканстытуцыйнае мерапрыемства. Яго можна трактаваць выключна як шырокую кансультацыйную нараду з прадстаўнікамі наменклатуры.
Таксама ўдзельнічаць у форуме адмовіліся Сяргей Калякін («Справядлівы свет»), Сяргей Чэрачэнь (кіраўнік партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада). Але, напрыклад, удзельнічае былая кандыдатка на прэзідэнцкую пасаду Ганна Канапацкая, сярод спікераў — Юрый Васкрасенскі, былы сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі.