Андрэй Мельнікаў: Заставацца стымулюе сорам перад людзьмі, якія абралі варыянт сядзець

Будучыня Беларусі залежыць ад таго, ці зможам мы абраць аптымальны варыянт паводзін, лічыць бард Андрэй Мельнікаў. Мы паразмаўлялі з ім пра тое, чаму пасля адбыцця адміністрацыйнага арышту ён застаецца ў краіне, пра дыялог з уладамі і пра тое, як нам усім паразумецца.

photo_2023_02_13_18_45_27_logo.jpg


«Сказалі, што за мной назіраюць»

Андрэй Мельнікаў 5 лютага выйшаў з ізалятара часовага ўтрымання Мінскага раёна пасля 10 сутак адміністрацыйнага арышту, якія барду прысудзілі за распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў у «Аднакласніках». Ён сам прыйшоў на сустрэчу з участковым у Калодзішчах. Што праўда, музыка зусім не меркаваў, што атрымае арышт за рэпост, бо на сустрэчы міліцыянт настойваў з іншай нагоды.
— Я пайшоў, каб разабрацца, бо з лета мінулага года мне даводзілі, нібыта ID майго тэлефона супадае з тым, які знаходзіцца ў росшуку. Хаця гэты тэлефон я сам набываў яшчэ ў якім 2006 годзе. І вось я падыходжу, пад’язджае ўчастковы Аляксей Міхалевіч з напарнікам, адразу рукі за спіну — «вы затрыманыя», — успамінае бард.  
Увогуле цікаўнасць да яго міліцыянты сталі праяўляць яшчэ мінулай вясной. У Гомелі, адкуль бард родам, яму тэлефанавалі і запрашалі на сустрэчу: маўляў, размяшчае ў тэлеграм-канале «экстрэмісцкі кантэнт».
— Але ў мяне тэлефон кнопачны і няма тэлеграма, таму я не магу размяшчаць гэты кантэнт. Тым не менш, адбылася прафілактычная гутарка з папярэджаннем аб недапушчэнні яго размяшчэння. І сказалі, што за мной назіраюць.
На думку Андрэя Мельнікава, такі інтарэс да яго персоны выкліканы тым, што міліцыянтам даведзена адміністрацыйна караць людзей, якія тым ці іншым чынам «засвяціліся».
— Я так мяркую, бо са мной сядзеў чалавек, якому паставілі ў віну эпізоды рэпостаў з 2013 па 2017 гады, калі тыя матэрыялы яшчэ не былі экстрэмісцкімі. А чалавек некалькі гадоў у Фэйсбук не заходзіў. Таму, як і ў мяне, гэта толькі нагода фармальна прыцягнуць да адказнасці, рэальная ж прычына іншая. Мне цікава, для чаго гэта робіцца. Напэўна, з нейкіх вышэйшых сфер беларускага кіраўніцтва даводзіцца пастулат пра непазбежнасць пакарання.

«Беларусы, якія тут, жадаюць заставацца беларусамі»

Ці можна пасля гэтага адчуваць сябе ў бяспецы? Андрэй Мельнікаў усміхаецца: ён і да гэтага ў пэўным сэнсе не адчуваў сябе ў бяспецы, і адчуванне гэтае не звязана з перспектывай страты свабоды.
— Свабода — гэта тое, што ў цябе ўнутры, — заўважае ён. — Па сутнасці, ні ў мінулую адсідку (у 1997 — 1998 гадах. «НЧ»), ні ў цяперашнюю я не зведаў у няволі катэгарычных нечаканак з боку тых, хто мяне знявольваў. Мы для іх чужыя, і іх дзеянні выглядаюць лагічнымі для чужых. Мне больш цікава асэнсоўваць сваіх. А ў сваіх я, на жаль, пабачыў тыя ж мінусы, што і ў мінулую адсідку. Перадусім — залежнасці. Я тады казаў і кажу цяпер, што чалавека, які залежны ад палення, падчас ломкі можна прымусіць да чаго заўгодна. На жаль, мы да гэтага часу не навучыліся цаніць чыстае паветра.
Абсалютная большасць людзей, з якімі я сядзеў, маюць намер з’язджаць адсюль. Яны адчуваюць, што непатрэбныя дзяржаве РБ. Мяркую, іх ад’езд выгадны перадусім Расіі. А беларускай уладзе калі і дае выгады, то мізэрныя. Апошнія дзесяцігоддзі я лічыў і лічу, што мы можам быць адзіным народам, і ўладзе больш выгадна ісці на кампраміс, чым убачыць канец ад расіян, якія прыйдуць і зробяць тут Расію.
Андрэй Мельнікаў мяркуе, што кампраміс паміж уладай і грамадствам у Беларусі адбываўся ўвесь час і працягваецца нават цяпер.
— Я ўпэўнены, што і «там» ёсць людзі, якія за Беларусь, і, дарэчы, мая адсідка гэта пацвердзіла. Нават тая ж рэакцыя на беларускую мову. Беларусы, якія тут, усё ж жадаюць заставацца беларусамі.
 У той жа час бард лічыць, што Расія ўжо тут, але пакуль — не адна яна, захоўваецца своеасаблівае «двоеўладдзе», і беларуская аўтарытарная ўлада пакуль што вырашае больш. І дамовіцца з ёй прасцей, бо, як бы дзіўна гэта ні гучала, у нас ёсць агульныя інтарэсы.
— Я перакананы, што даўно ўжо можна было б дамовіцца наконт вызвалення ладнай часткі палітзняволеных, калі б за іх была прапанавана пэўная сума. Гэта зыходзячы з майго досведу і выпадкаў, пра якія я асабіста знаю.

«Няхай над Акрэсціна застаецца чырвона-зялёны сцяг»

— Я думаў з’ехаць яшчэ ў 1990-я гады. У той час Беласточчына, як ні дзіўна, для мяне асабіста нагадвала ўсход Мінскай вобласці. Але там жылі людзі, якія прайшлі праз усе цяжкасці польскага ваеннага становішча. І застацца там значыла ў пэўнай ступені паказаць сваю слабасць, што я да гэтых людзей не дацягваю. А кудысьці далей ехаць мне нецікава. Засталося занадта многа людзей унутры Беларусі, з якімі я павязаны. Цяпер заставацца ў Беларусі мяне стымулюе і матывуе сорам перад тымі людзьмі, якія абралі варыянт сядзець — Бяляцкі, Пушкін, Судаленка, тая самая Марыя Калеснікава.
Пакуль я бачу тут перспектывы і тут застаюся. А што мне рабіць за мяжой? Быць яшчэ адной канкурэнтнай адзінкай альбо проста забяспечыць сабе камфортнае жыццё і не высоўвацца? Так склалася, што апошнія дзесяцігоддзі я не быў у мэйнстрыме. І гэта дало мне пэўныя прэферэнцыі цяпер. Магчыма, калі б я заставаўся ў медыйнай абойме, напэўна, таксама б з’ехаў.
Вырвацца з-пад расійскага ўплыву і захаваць незалежную дзяржаву ў нас атрымаецца тады, калі незалежнасць Беларусі стане нашым асноўным нацыянальным інтарэсам, перакананы Андрэй Мельнікаў.
— Беларусы — індывідуалісты. Літоўцаў, латышоў, эстонцаў з’ядналі агульныя нацыянальныя святыні. У нас жа адносна іх ёсць варыянты. Магчыма, такой адназначнай нацыянальнай святыні для ўсіх беларусаў і няма.
У той жа час, на думку Андрэя Мельнікава, і цяпер магчымыя непублічныя спробы паразумецца з уладамі. Бо ім надта не хочацца дзейнічаць па ўказаннях Масквы, і на гэтым тле, лічыць бард, магчымыя крокі насустрач прабеларускай частцы грамадства.
— Мне здаецца, што самы цяжкі і крызісны час для паразумення з уладамі ў нас прайшоў. У тым сэнсе, што калі я нават не бачу жадання паразумецца, я не бачу і жадання паглыбляць наша адрозненне.
У 1980-х гадах для мяне святыняй быў чырвоны сцяг. І калі я адкрыў для сябе бел-чырвона-белы, першы мітынг у Воршы, арганізатарам якога я быў, мы рабілі пад двума сцягамі. Таму я перакананы, што паразумецца можна. Няхай над Акрэсціна, над «Валадаркай» застаецца чырвона-зялёны сцяг.
Таму робім, што мажліва, без патэтыкі. І калі ўнутры Беларусі мы, мяркую, хай зусім пакрысе, набліжаемся да асэнсавання неабходнасці паразумення, то знешнія выклікі, бачу, нас чакаюць больш сур’ёзныя і складаныя. Ведаеце, чым адрозніваецца песіміст ад аптыміста? Песіміст кажа «Горш ужо не будзе», а аптыміст — «Будзе, будзе». Напэўна, я аптыміст.