Андрэй Стрыжак: Бацькі Міхаіла Жызнеўкага яшчэ не атрымалі абяцанай дапамогі

Калі будзе перададзена абяцаная дапамога сем’ям майданаўцаў, якія загінулі падчас пратэстаў у Кіеве? Такое пытанне цяпер задаюць сем’і ахвяраў супрацьстаяння ва Украіне.



stryzak_andrej.jpg

Андрэй Стрыжак

Маці беларуса Міхаіла Жызнеўскага, які загінуў адным з першых, у інтэрв'ю ўкраінскім СМІ адзначыла, што грошай з Украіны яна, нягледзячы на абяцанні, не атрымлівала.

Як адзначыў у эфіры нашага радыё гомельскі актывіст Андрэй Стрыжак, можна зразумець бацькоў Міхаіла, бо увесь час гучыць інфармацыя пра аказанне дапамогі сем’ям так званай “Нябеснай сотні”:

Маці ўвесь час атрымлівае гэтую інфармацыю і ўспрымае, што вось-вось гэтая дапамога павінна прыйсці. Трэба сказаць, што сям’я жыве вельмі сціпла. Яны здымаюць жыллё, у іх няма ўласнага жылля. І мара Міхася была, каб ягоныя бацькі дажывалі свой век ва ўласнай кватэры.

Пасля смерці Міхаіла Жызнеўскага ад кулі снайпера на вуліцы Грушэўскага ў студзені гэтага года, былі абвешчаныя зборы сродкаў для сям’і гамельчука.

Сродкі таксама збіралі дабрачынныя фонды, якія пакуль не выплачваюць грошы сем’ям ахвяраў і пацярпелым у часе Майдану па прычыне таго, што колькасць памерлых можа змяніцца, месцазнаходжанне каля 170 удзельнікаў Еўрамайдану дагэтуль не вядомае.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя