Арыштаваных за салідарнасць з Украінай таемна вывезлі з Акрэсціна
Учора ўвечары выйшлі на волю двое актывістаў, затрыманых у Мінску ў гадавіну гібелі Міхаіла Жызнеўскага.
Пра гэта паведаміла на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Юлія
Сцяпанава.
«Яўген Батура і Мікалай Колас на волі. Іх вывезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна. Іх ужо адпусцілі, яны змаглі патэлефанаваць»,
— піша яна.
Раней такім жа чынам выйшла на волю яшчэ адна ўдзельніца акцыі — рэжысёр Вольга Мікалайчык. Яе таксама таемна вывезлі з турмы на вуліцы Акрэсціна ў Менску ў
РУУС Цэнтральнага раёна.
22 студзеня ўвечары прыкладна 15 чалавек запалілі свечкі і ўсклалі кветкі да помніка Тарасу Шаўчэнка непадалёк ад амбасады Украіны. Быў разгорнуты вялікі партрэт загінулага ва Украіне беларуса
Міхаіла Жызнеўскага. Усе ўдзельнікі былі затрыманыя сілавікамі адразу пасля акцыі і дастаўлены ў Цэнтральны РУУС сталіцы.
Пасля паўночы вызвалілі 4 чалавек. У РУУС Цэнтральнага раёна засталіся да суда пяць затрыманых. Гэта каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі,
актывісты Вольга Мікалайчык, Аляксандр Макаеў, Яўген Батура і Мікалай Колас. Усе яны былі асуджаныя да арышту.
Вызваленыя актывісты папрасілі прадстаўнікоў амбасады Украіны звярнуць увагу на тое, што ў міліцэйскім аўтобусе прадстаўнікі сілавых структур Беларусі вельмі здзекліва, ганебна, у абразлівай
форме выказваліся пра Украіну і украінцаў.