Б'еш безабаронных людзей ці ты проста адзін з ГУБАЗіКа — атрымай кватэру праз 25 гадоў

Лукашэнка падпісаў указ «Аб арэндным жыллі для вайскоўцаў», якім устаноўлены парадак і ўмовы перадачы ва ўласнасць вайскоўцам выдзеленага ім арэнднага жылля, паведамляе яго прэс-служба. Да вайскоўцаў аднеслі ўсіх сілавікоў, акрамя мытнікаў.

mus__kdb__horad_fota_dzmitryeu_dzmitry_logo_1.jpg

Арэнднае жыллё будзе бязвыплатна перадавацца ва ўласнасць па сканчэнні 25 каляндарных гадоў выслугі на ваеннай службе. Па сканчэнні 20 каляндарных гадоў выслугі на ваеннай службе яно будзе перадавацца на платнай аснове, з магчымасцю выплаты яго кошту ў растэрміноўку да 15 гадоў.
Указам прадугледжаны таксама дадатковыя сацыяльна-прававыя гарантыі для сілавікоў і членаў іх сем'яў.
Для вайскоўцаў, якія маюць выслугу ў 20 каляндарных гадоў і звольнены ў запас, але не жадаюць набываць сваё арэнднае жыллё ва ўласнасць, захоўваецца права валодання і карыстання гэтым жыллём з магчымасцю прадаўжэння дамовы найму да моманту паляпшэння імі жыллёвых умоў.
Членам сям'і вайскоўца, які загінуў у сувязі з выкананнем службовых абавязкаў, займанае імі арэнднае жыллё будзе перадавацца ва ўласнасць бязвыплатна, незалежна ад выслугі гадоў.
За членамі сям'і ваеннаслужачага, які памёр па іншых прычынах у перыяд праходжання ваеннай службы, захоўваецца права валодання і карыстання арэндным жыллём на ранейшых умовах да паляпшэння імі сваіх жыллёвых умоў.
Дзеянне ўказа распаўсюджваецца на ваеннаслужачых і прыраўнаваных да іх асоб, якія праходзяць службу ў Мінабароны, МУС, МНС, КДБ, ДПК, Службе бяспекі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Аператыўна-аналітычным цэнтры пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, КДК, цэнтральных апаратах Следчага камітэта і ГКС, у арганізацыях, якія ўваходзяць у сістэму дадзеных дзяржаўных органаў або падпарадкаваны ім.
Указ уступае ў сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.
Адпаведна рэжым чакае, што пратрымаецца яшчэ 25 гадоў.