Беларускамоўную групу расфармавалі, бо выхавацелька сыйшла на пенсію
Абуральны выпадак адбыўся ў Гомелі.

У Гомелі беларускамоўная група ў дзіцячым садку закрылася, не паспеўшы пачаць працаваць. Гомельскі гарвыканкам паабяцаў адкрыць дзве дадатковыя беларускамоўныя групы ў дзіцячых садках №47 і №160. Аднак, як распавёў сябра гомельскай філіі Таварыства беларускай мовы Яўген Якавенка, у садку №47 беларускамоўнай групы ўжо не будзе.
— Мы былі ў гэтым садку, і высветлілася, што выхавацелька ў 47-ым садку сыйшла на пенсію. І беларускамоўная група, па сутнасці не паспеўшы папрацаваць, была расфармаваная па іншых групах. Гэта яшчэ адно пацверджанне таго, што групы ствараюцца там, дзе ёсць адпаведны спецыяліст. Няма яго — то і няма групы.
Гомельскі гарвыканкам паведаміў, што ў 2016-2017 навучальным годзе плануецца адкрыццё яшчэ адной беларускамоўнай групы, толькі пры наяўнасці ахвочых у колькасці не менш за 15 чалавек.
Паводле Радыё Рацыя