Беларускаму хлопчыку, якога збіла машына ў Беластоку, патрэбна дапамога
У Беластоку ў мінулы аўторак, 17 студзеня, на пешаходным пераходзе на цэнтральнай вуліцы горада — Ліпавай — збілі 6-гадовага Мішу з Гродна. За рулём арандаванай машыны знаходзілася 22-гадовая дзяўчына. Цяпер маленькі гарадзенец знаходзіцца ў рэанімацыі, яго ўвялі ў штучную кому. Лекары пакуль ніякіх прагнозаў не даюць, але асцярожна кажуць: «Міша на добрай дарожцы».
Мама хлопчыка Вікторыя ўвесь час побач з сынам. Яна распавяла блогу «Людзі» пра аварыю, падтрымку беларусаў і аб дапамозе, якая цяпер вельмі патрэбна сям'і.
Вікторыя з двума сынамі — Мішам і Глебам — прыехалі ў польскі горад на некалькі дзён. У той злапомны дзень — 17 студзеня — яны збіраліся вяртацца ў Гродна, але беларуска вырашыла затрымацца ў Беластоку яшчэ на дзень.
Успамінаючы абставіны аварыі, Вікторыя не можа стрымаць
слёз.
— Усё адбылося каля 17.00. Мы пераходзілі дарогу па
пешаходным пераходзе. Там усяго дзве паласы. Дарога выкладзеная каменем і, як
цяпер многія мясцовыя жыхары пішуць, ёсць абмежаванне хуткасці для аўтамабіляў
у 30 кіламетраў за гадзіну. Месца там добра асветлена. Тады было ўжо цемнавата,
але не зусім цёмна, а такое змярканне. Дзяцей я трымала за рукі. Глеб быў з
правага боку, Міша злева. Спынілася чырвоная машына і толькі тады мы пачалі
пераходзіць дарогу. Перайшлі палову, я ўбачыла белую машыну. Я бачыла яе і
раней, калі мы чакалі, каб нас прапусціў чырвоны аўтамабіль. Міша вырваўся з
рукі, зрабіў два крокі, і яна яго збіла, і працягнула далей, не спыняючыся.
У выніку Міша апынуўся пад машынай, успамінае Вікторыя.
— Гэта здаецца, што ўсё заняло шмат часу, але па-сапраўднаму
ўсё адбылося за секунды. Я стукаю па шкле машыны, каб кіроўца спынілася, яна
гэта робіць і глядзіць на мяне, потым на свайго спадарожніка ў машыне, потым
зноў на мяне. Я пачынаю крычаць і не разумею, што мне рабіць далей — даставаць
дзіця ці не. Але падаю на калені і выцягваю яго з-пад машыны за куртачку. Ён
прыходзіць у прытомнасць і кажа: «Мамачка, пайшлі дадому». З вушак і носа ў яго
цякла кроў. Міма праязджала хуткая, яна спынілася, лекары выклікалі сваіх
калегаў. Я прасіла іх, каб яны выратавалі майго сына, яны сказалі, што ў іх у
машыне ляжыць мужчына без прытомнасці, а цяпер прыедуць іх калегі, — кажа
Вікторыя.
Праз нейкі час прыехалі медыкі і паліцыя. У гэты час мінакі
— рускамоўная пара — падхапілі другое дзіця Вікторыі.
— Паліцыянты сказалі, што забяруць Глеба з сабой, але ён
стаў плакаць. У выніку яго забралі гэтыя людзі, а я паехала разам з Мішам у
бальніцу.
Усю дарогу хлопчык быў у свядомасці, яму правялі неабходныя
абследаванні і пагрузілі ў штучную каму.
— Міша ў цяжкім стане. У яго паламаны чэрап, моцная
азызласць, ёсць гематома. Лекар кажа, што яна павінна рассмактацца і тады ўжо
будуць глядзець, што рабіць далей. Пакуль ніякіх аперацый не праводзілі.
Дзіцяці падаецца кісларод, сам ён не дыхае. У першыя суткі з галавы
адпампоўвалі вадкасць. Ніякіх прагнозаў пакуль ніхто не дае, лекары сказалі
чакаць, каб спала азызласць. Але кажуць, што ён на добрай дарожцы, — кажа мама
хлопчыка.
У пятніцу, 20 студзеня, дакументы аб аварыі былі
перададзеныя з паліцыі ў мясцовую пракуратуру. Вікторыя ўжо знайшла адваката,
які будзе займацца ўсімі неабходнымі справамі.
— На дадзены момант якой-небудзь інфармацыі аб справе ў нас
няма. Таксама з намі не звязвалася дзяўчына, якая была за рулём аўтамабіля. Яна
і на месцы здарэння проста стаяла на газоне разам са сваім спадарожнікам. Калі
ў мяне бралі паказанні, яна таксама іх давала, праходзіла медагляд. Вынікі яго
мы таксама пакуль не ведаем.
Сям'я хлопчыка адкрыла банкаўскія рахункі. Дапамога вельмі
патрэбна на адваката, аплату лячэння і на наступную рэабілітацыю.
— У Мішы ёсць карта паляка, але няма страхоўкі. Як нам
сказалі, выдаткі на лячэнне па карце паляка могуць быць пакрытыя, але спачатку
мы павінны будзем усё аплаціць. У Мішы — інтэнсіўная тэрапія, якая каштуе вельмі
дорага. Зразумела, што яго ніхто не будзе адключаць ад апаратаў, калі грошай не
будзе, але ў выніку нам усё роўна прыйдзецца пакрыць усе рахункі самім.
Вікторыя кажа, што першыя двое сутак былі для яе вельмі
цяжкімі.
— Гэта было пекла. Я была, такое адчуванне, у апраметнай
цішыні. Нікога побач са мной не было, я была адна. Але, калі інфармацыя аб
аварыі з'явілася на сайтах, то ўсё памянялася. Са мной звязаўся консул
Беларусі, тэлефанавалі з лякарні. Вельмі шмат людзей адгукнулася на нашу бяду.
Проста прыязджалі людзі і сядзелі побач са мной. Нашы беларусы — проста
выдатныя, і я ім удзячная. Людзі казалі, мы разам, мы побач, мы сям'я. Ведаеце,
я такую сцяну за сабой адчула і вельмі-вельмі ўдзячная нашым людзям.
Веру, што з іх дапамогай у нас усё атрымаецца, і Міша хутка пойдзе на папраўку,
— кажа Вікторыя.
Калі хтосьці хоча дапамагчы сям'і, то з
Вікторыяй можна звязацца праз яе акаўнт у Instagram.