Польскія ўлады не будуць прызнаваць рашэнне Лукашэнкі аб пазбаўленні беларусаў грамадзянства

Пра гэта заявіў намеснік міністра ўнутраных справаў Барташ Градзецкі ў час сустрэчы ў МУС Польшчы з працоўнай групай па пытаннях беларусаў.

besplatnaja_viza_v_polszu.jpg


У сустрэчы бралі ўдзел сталыя чальцы працоўнай групы Крысціна Рыхтэр з Офіса Святланы Ціханоўскай, кіраўнічка юрыдычнага аддзела Цэнтра беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская, а таксама прадстаўнік НАУ Арцём Праскаловіч.

Падчас сустрэчы намеснік міністра ўнутраных справаў Барташ Градзецкі заверыў, што польскія ўлады не будуць прызнаваць рашэнне Лукашэнкі аб пазбаўленні грамадзянства, згодна з новымі зменамі ў заканадаўстве. Для краіны гэтыя асобы застануцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, гэтую пазіцыю МУС Польшчы будзе даносіць да Еўракамісіі і заклікаць іншыя краіны Еўрасаюза да такога ж стаўлення да выпадкаў пазбаўлення грамадзянства.

У сувязі з гэтым паўстала пытанне пра карыстанне беларускім пашпартам, якое будзе немагчымым у выпадку пазбаўлення грамадзянства. Для вырашэння гэтага пытання польскі МУС прапануе грамадзянам Беларусі карыстацца польскім падарожным дакументам.


Згодна са зменамі ў польскім заканадаўстве, прынятымі ў 2022 годзе, беларусы, якія атрымалі часовы від на жыхарства на падставе гуманітарнай візы, так званы «гуманітарны побыт» (паводле польскага закону — побыт па іншых падставах), могуць з 1 студзеня 2023 года атрымаць такі падарожны дакумент. Раней такая магчымасць была ў асобаў са сталым побытам і дадатковай аховай.

Новы ўзор польскага падарожнага дакументу быў прадстаўлены МУС Польшчы падчас сустрэчы.

Таксама былі абмеркаваныя праблемы згубленых беларускіх пашпартоў і пашпартоў са скончаным тэрмінам дзейнасці. Для іх вырашэння прапанавана пашырыць кола беларусаў, якія могуць атрымаць новы падарожны дакумент. Гэта патрабуе асобных зменаў у заканадаўстве.

Асобна абмяркоўваліся праблемныя пытанні побыту беларусаў у Польшчы, якія збіраюцца падчас зваротаў у Цэнтр беларускай салідарнасці. ЦБС мае сталую камунікацыю з ведамствам. Аб далейшым прыняцці рашэнняў з боку МУС Польшчы па гэтых пытаннях можна будзе дадаткова даведацца з сацсетак ЦБС.