Беларускі Дзед Мароз — у фуражцы і пагонах? МУС аб'явіла конкурс і збіраецца «раздаваць прызы»

Нястомныя і крэатыўныя сілавікі працягваюць працу з насельніцтвам. Гэтым разам беларусам прапануецца віншаваць міліцыянтаў з Новым годам — і заадно расказаць ведамству крыху пра сябе.

_belarus_dai_milicyja_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg


Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі запусціла конкурс на лепшае відэавіншаванне сваіх супрацоўнікаў з Новым годам. Толькі віншаваць павінны не самі супрацоўнікі, а звычайныя беларусы. Усё проста. Як піша «БелТА», «удзельнікам прапануецца запісаць невялікае (да 30 секунд) крэатыўнае навагодняе відэа віншаванне супрацоўнікам міліцыі і адправіць яго на электронную пошту ведамства».
Для таго, каб бліснуць сваім крэатывам і заявіць унутраным органам пра сябе, ва ўсіх ахвотных ёсць 10 дзён: конкурс стартуе 20 снежня і працягнецца да 30-га. Відаць, прызы пераможцам беларускія «дзеды марозы» прыйдуць уручаць проста пад ёлачку.
Але гэта не ўсе ўмовы, якія трэба выканаць для таго, каб стаць зоркай конкурса МУС. Для ўдзелу абавязкова таксама «здаць» свае сацсеткі: падпісацца на акаўнты МУС і рэпоснуць яго конкурс.
Гэта не першая «арыгінальная» ідэя сілавікоў. У канцы лістапада Ліцэй БДУ аб'явіў культурна-патрыятычны конкурс «Першыя сярод роўных», які ладзіцца сумесна з... КДБ. Ён праводзіцца ў шасці намінацыях: «Графічны раман (комікс)», «Віруснае відэа», «Літаратура», «Музыка», «Харэаграфія», «Дзіджытал-рашэнне». Удзельнічаць у ім дазволілі і навучэнцам ліцэя, і іх выкладчыкам, якім прапануецца намаляваць комікс пра жыццёвы шлях і дзяржаўную дзейнасць... не, не Лукашэнкі — Фелікса Дзяржынскага.