Беларускі плывец Ігар Бокій узяў пяты мэдаль на Паралімпіядзе

Беларускі плывец Ігар Бокій перамог на спаборніцтвах у плаванні на 50 мэтраў вольным стылем у катэгорыі S13 на Паралімпійскіх гульнях у Рыё.

boki.jpg

Ён праплыў дыстанцыю за 23,44 сэкунды, што блізка да сусветнага рэкорду сярод паралімпійцаў — 23,2 сэкунды. Той рэкорд усталяваў сам Бокі на Чэмпіянаце свету ў Глазга ў 2015 годзе.

Заплыў прынёс яму пяты мэдаль — і чацвёртае золата — на бягучай Паралімпіядзе. Да таго былі залатыя медалі ў 100 м батэрфляем, 200 м комплексу і 400 мэтраў вольным стылем, а таксама бронза ў 100 мэтраў брасам.

Плывец, якога часам называюць «беларускім Фэлпсам», таксама мае пяць залатых медалёў і адно срэбра з Паралімпіяды 2012 году ў Лондане, 15 залатых медалёў і срэбра чэмпіянатаў свету сярод інвалідаў, 12 залатых медалёў і дзве бронзы з чэмпіянатаў Еўропы сярод інвалідаў.

Ігар Бокій мае вялікія праблемы са зрокам, але, як распавядаў прэсе раней, марыць выступаць на звычайнай Алімпіядзе. Ён выступаў сярод звычайных плыўцоў на чэмпіянаце Беларусі.

Беларуская зборная знаходзіцца ў медальным заліку Паралімпіяды ў Рыё на 15-м месцы з шасцю залатымі медалямі і двума бронзавымі. Днём раней па залатым мэдалі ўзялі шпажыст Андрэй Праневіч і плывец Уладзімер Ізотаў, да таго бронзавы мэдаль у кіданні дзіды ўзяў беларус Аляксандар Трыпуць.

Паводле Радыё Свабода