Беларускія вышыванкі, якія дапамагаюць жыць. Гісторыя былой зняволенай

На жаль, выпадкі затрыманняў, судоў, зняволення і ўцёкаў цяпер нярэдкія, так што гэтая гісторыя не будзе выключэннем з соцень іншых. Але яна ўсё адно асаблівая — як і кожная. І ў ёй ёсць месца надзеі.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Фота мае ілюстрацыйны характар

54-гадовая культуралагіня Рэгіна Лавор стварыла Музей нацыянальных культур і Цэнтр рамёстваў у Іўі. А ў 2021 годзе яе асудзілі на «хатнюю хімію», некалькі разоў арыштоўвалі і выпісвалі вымовы — праз што яна з’ехала з краіны. Цяпер жанчына адраджае беларускую вышыўку ў Беластоку і кажа, што хоча адзець у свае кашулі ўсіх беларусаў, раскіданых па свеце. «Медыязона» расказвае гісторыю былой музейшчыцы.

Купляла прадметы для экспазіцыі за ўласныя грошы. 

Да 2013 года Рэгіна Лавор была дырэктаркай Музея нацыянальных культур у Іўі — жанчына апісвае гэты досвед як сваю самую вялікую працу. Цяпер гэта вядомае ў горадзе культурнае месца. У 2009 годзе экспазіцыю стваралі з нуля, пры гэтым часам ёй даводзілася самастойна шукаць прадметы для выстаў і набываць іх за свае грошы.

«Я сядзела на нейкіх аўкцыёнах, купляла іх [прадметы] за свае грошы як прыватная асоба і потым шукала кагосьці, хто мог гэты прадмет у музей аддаць», — успамінае яна.

Былі і іншыя цяжкасці: працу музея кантралявалі райвыканкам, Гродзенскае ўпраўленне культуры, гістарычны музей і Міністэрства культуры. «І ты павінен усім падпарадкоўвацца, пры гэтым твайго пункту гледжання развіцця музея ніхто не бачыць», — кажа культуралагіня.

Акрамя пошуку прадметаў для экспазіцый, яна як дырэктарка вырашала гаспадарчыя пытанні: як што парамантаваць, прыбіць, як знайсці машыну, каб нешта перавезці. Аднак установе ўдавалася рабіць і «Ноч музеяў», і сустрэчы з рознымі мастакамі, заўважае яна.

Былая дырэктарка згадвае гісторыю, як падчас экскурсіі, якую яна праводзіла ў музеі, у яе ў падлогу праваліўся абцас. Канструкцыя будынка была зроблена з парушэннем нормаў: балкі на другім паверсе пры рэстаўрацыі проста не змянілі, і яны пачалі гніць, тлумачыць яна. У райвыканкаме ёй адказалі, што зрабілі так, каб зэканоміць грошы.


Глядзіце таксама

Пасля гэтага ўдалося «залапіць» падлогу на другім паверсе, але, кажа жанчына, яна не магла змірыцца з тым, як развіваўся музей, і сышла.

Пасля Лавор некалькі гадоў працавала ў камунальнай сферы, а перад пачаткам пратэстаў зарэгістравала рамесніцкую дзейнасць, каб вышываць.

Назвала начальніка Іўеўскага РАУС «бандытам у джынсах» і «фашыстам». «Хімія»

У Іўі — невялікім амаль васьмітысячным горадзе Гродзенскага раёна — Лавор разам з паплечнікамі збіраліся, каб пратэставаць. У 2020 годзе актывістку судзілі па адміністрацыйных артыкулах тройчы, кожны раз яна атрымлівала штраф.

15 лістапада 2020 года, у памяць пра загінулага Рамана Бандарэнку, жыхары Іўя зноў сабраліся — маліцца каля помніка Чатырох канфесій. Акцыю разагналі сілавікі, а загад на гэта даваў намеснік начальніка Іўеўскага РАУС Андрэй Ярохін, упэўнена культуралагіня. Тады яна напісала ў адкрыты гарадскі чат «Ярохін — фашыст, бандыт у джынсах».

Следства не знайшло ў яе тэлефоне пацвярджэння, што паведамленне даслала менавіта Лавор, а ў пастанове суда напісалі, што надпіс зрабілі «з нявызначанага абсталявання і з нявызначанага месца», кажа яна.

16 верасня наступнага года яе прызналі вінаватай у «абразе прадстаўніка ўлады» і асудзілі да 2 гадоў «хатняй хіміі».

Пасля абвяшчэння прысуду Лавор трэба было ўладкавацца на працу, і яна «звярнулася ў сваю родную «культуру». У цэнтры рамёстваў, дзе яна працавала да дырэктарства ў музеі, жанчыне спачатку сказалі, што вакансіі ёсць, але калі тая прынесла дакументы, адмовілі. «Потым мне далі адказ, што чалавек проста выйшаў з дэкрэтнага адпачынку», — кажа актывістка.

«Жанчына, з якой я раней працавала, сказала, што мне напісалі характарыстыку з апошняга месца працы. Мне паказалі гэтую характарыстыку. Там было напісана, што я парушала працоўны рэжым, што ставілася нядобра да кліентаў, пры гэтым было пазначана, што прадаставіць пісьмовыя пацвярджэнні яны не могуць», — згадвае культуралагіня.


Глядзіце таксама

Тады Лавор вырашыла адкрыць наноў рэгістрацыю па рамесніцкай дзейнасці. І хаця паводле дакументаў гэта атрымлівалася, насамрэч працаваць было складана — праз «хатнюю хімію» жанчыне цяжка было набываць матэрыялы для творчасці і гандляваць тым, што яна рабіла.

Асуджаныя на «хатнюю хімію» падпісваюць дакумент, дзе апісана тое, што ім дазваляецца падчас адбыцця пакарання. «Маеш права выхаду з дома на дзве гадзіны кожны дзень з панядзелка па пятніцу для вырашэння ўсіх сваіх пытанняў — банк, аптэка, крама, доктар, падатковая», — тлумачыць жанчына.

Працэс ускладняўся тым, што, як кажа актывістка, яна адзіная з Іўя была асуджана да «хатняй хіміі» па палітычных матывах. Рамесніцкая дзейнасць пастановай не рэгламентавалася, таму на яе запыты інспектар адказаць не мог.

«Я звярталася неаднаразова з заявамі, дзе прасіла ўдакладніць графік працы рамесніка — мая праца ўвогуле не рэгламентаваная. І я такія адказы атрымлівала што "вам не забаронена, але пры гэтым забаронена". А калі мне патрэбныя ніткі, гузікі? Я проста не магу пайсці ў краму і купіць гэта, таму што ў мяне выхад з дому толькі з 10 да 12», — кажа Лавор.

Не паспела адчыніць дзверы міліцыянту. Арышты

Калі актывістка запісалася на прыём да старшыні райвыканкама, каб дазнацца пра свае правы і спытаць пра вакансіі, атрымаўшы на тое «вусны дазвол», ёй выпісалі вымову аб парушэнні адбыцця пакарання. Потым яна атрымала яшчэ некалькі такіх вымоў, і яе арыштавалі агулам на 23 дні.

У студзені сілавікі пачалі прыходзіць да яе «амаль кожны дзень, 5-6 разоў за вечар», кажа культуралагіня. Вымовы выпісвалі за тое, што яна «не магла забяспечыць уваход супрацоўніка ў дом», кажа актывістка.

«Супрацоўнік прыехаў, была навальніца, я яго дрэнна чула. Пачала адчыняць дзверы, а ён у гэты час развярнуўся і пайшоў, і яго відэарэгістратар адзначыў, што ён са мной размаўляў. Гэта быў вечар, таму я не магла пабегчы за ім і гукнула яго, але нічога. Потым спрабавала абскардзіць гэтае парушэнне праз суд», — расказвае жанчына.

Падчас першага і апошняга арышту Лавор трымала галадоўку ў 5-6 дзён супраць кепскіх умоў утрымання. «Памятаю, ляжала на гэтым унітазе, мяне ванітавала, я ўжо проста адключалася. Мне выклікалі хуткую дапамогу», — апісвае актывістка.

Падчас першай галадоўкі да жанчыны прыходзіў пракурор, які «выслухаў і сказаў, што дасць пісьмовы адказ».

Актывістка спрабавала абскарджваць вымовы і намагацца атрымліваць пісьмовыя адказы на свае запыты. Падчас аднаго з яе арыштаў начальнік ізалятара сказаў «не даваць ей паперы і асадкі», кажа жанчына.


Глядзіце таксама

«Я чытала заканадаўства, глядзела артыкулы, спрабавала разабрацца сама. Яшчэ ў мяне былі «віртуальныя сябры», якія дапамагалі з юрыдычнымі пытаннямі. З цягам часу я навучылася, каб у тэксце было менш эмоцый, больш пытанняў».

«Мяне выпусцілі на доўгія выхадныя, каб маглі адседзець іншыя парушальнікі». Уцёкі і «іншы шлях» у Беластоку

У іўеўскім ізалятары было тры камеры — дзве з іх займалі мужчыны, а Лавор была адна на пакой з некалькімі нарамі, кажа яна. «Мяне выпусцілі на доўгія выхадныя, каб маглі адседзець іншыя парушальнікі. У суботу выпусцілі, а ў панядзелак я ўжо з’ехала з краіны. Гэта не так проста, калі ты невыязная і ў цябе няма візы», — гаворыць актывістка.

Зараз былая музейшчыца жыве ў Беластоку і стварае традыцыйную беларускую вышыўку — як асобныя кашулі, так і ўвесь строй.

Адну кашулю жанчына можа вышыць як за тры дні, так і за тыдзень, пры гэтым працуючы па 10-12 гадзін на дзень, кажа яна. Кошт такога вырабу будзе ад 150 долараў, а з матэрыялу Рэгіна выкарыстоўвае беларускі лён.

«Вышываць трэба, калі ў цябе ёсць настрой, калі ты ведаеш, для якога чалавека вышываеш, трымаеш з ім нейкую такую віртуальную сувязь. Нават калі ў цябе просяць копію — яна ніколі не атрымаецца такой самай. Думкі твае павінны быць чыстымі, яны павінны быць добрымі, каб з такой энергетыкай яны перадаліся ў гэтую кашулю», — расказвае яна.

У Беластоку жанчына жыве без сваёй сям’і, і гэта для яе асноўная складанасць. Але ў Польшчы яна мае магчымасць займацца любімай справай, адзначае актывістка.

«Я разумею, што шляху дадому ў мяне няма. Але ў мяне ёсць іншы шлях — развіваць маю мову, маю культуру, падтрымліваць традыцыі, займацца адраджэннем беларускай вышыўкі. Адзець у мае вышыванкі як мага больш беларусаў, якія сёння раскіданы па ўсім свеце.

Калі я не выходжу з дому і проста займаюся вышыўкай, я забываюся на час. Мне здаецца, што я дома. Я для сябе стварыла нейкі свет, у якім я цяпер знаходжуся, дзе час ідзе хутчэй. Гэта не для грошай, я зараз проста хачу мець гэтую справу, занятак, які мне дапамагае дачакацца моманту, калі я вярнуся дадому. Я ўпэўнена, што вярнуся дадому, я гэтага чакаю», — кажа культуралагіня.