Бягуць з карабля? «Палітычныя стаханаўцы» звальняюцца з сістэмы

Нядаўна выйшаў указ Лукашэнкі аб прызначэнні і зняцці суддзяў. З гэтага дакументу стала вядома, што звольненыя шмат «ударнікаў па палітычных справах», якія тысячамі выдавалі суткі сумленным беларусам і на дзесяцігоддзі адпраўлялі ў калоніі.

32c3e769ae12fbaaf113e.jpg


Пры гэтым некаторыя адыёзныя «суддзі» сыходзяць па ўласным жаданні.

Лукашэнка прызначае суддзяў сваімі ўказамі. Адно з галоўных адрозненняў Беларусі ад дэмакратычных краін — у тым, што судовая ўлада ў нас цалкам залежыць ад выканаўчай, як, зрэшты, і заканадаўчая ўлада, і дзяржаўныя СМІ.

Здымае суддзяў таксама Лукашэнка. Для гэтага можа быць некалькі прычын — сыход па ўласным жаданні, сканчэнне тэрміну прызначэння без наступнага перапрызначэння, а таксама выслуга гадоў.

«Наша Н*ва» паглядзела, што за нечаканыя кадры не былі перапрызначаныя, сышлі ў адстаўку і напісалі заявы па ўласным жаданні.


Канстанцін Калядаў

«У сувязі са сканчэннем тэрміну паўнамоцтваў» ад пасады суддзі суда Вілейскага раёна зняты Канстанцін Калядаў. Як суддзя Калядаў найперш вядомы тым, што «за каментары» прысудзіў 5 год строгага рэжыму маладзечанцу Паўлу Кучынскаму, у якога чацвёртая стадыя раку.

Памятаюцца і іншыя яго ўчынкі: напрыклад, калі ён адправіў на суткі маці маленькіх дзяцей. Аказалася, гэты суддзя проста не ведаў, што закон гэта забараняе!


Аксана Копач

Аксана Копач — стаханаўка Баранавіцкага суда. Копач належыць цэнтральнае месца ў канвееры баранавіцкіх судоў, калі людзей для запалохвання хапалі ні за што, а потым Копач штампавала прысуды «за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Знялі яе ў сувязі са сканчэннем тэрміну паўнамоцтваў.


Іна Каханоўская

Іна Каханоўская, суддзя Маладзечанскага раёна, сышла па ўласным жаданні. Каханоўская, перапрызначаная ў кастрычніку 2020-га на пяць гадоў, асудзіла некалькі палітвязняў. Так, маладзечанцу Віктару Таўгеню Каханоўская дала два гады хіміі за тое, што 9 жніўня ён трымаў у руках калонку з музыкай.

Паўтара года калоніі з-пад малатка Каханоўскай атрымаў іншы маладзечанец, Юрый Бірук.

Што змусіла яе напісаць заяву па ўласным жаданні, невядома.


Таццяна Ліннік

Маладая суддзя Першамайскага раёна Мінска Таццяна Ліннік знятая ў сувязі са сканчэннем тэрміну паўнамоцтваў. Ліннік спецыялізавалася на сутках і штрафах. Сваімі рашэннямі яна выкрасліла з жыцця апанентаў лукашызму як мінімум 436 сутак, і як мінімум на 32 800 рублёў спустошыла кішэні беларускіх пратэстоўцаў.

На яе сумленні як мінімум два палітвязні — Ілля Туркоў і Ларыса Танкашкур.

Чаму яе не перапрызначылі — невядома.


Ігар Змушко

Ігар Змушко з суда Жлобінскага раёна сышоў па ўласным жаданні. Ён не дабыў да канца 5-гадовага тэрміну, быўшы прызначаным у кастрычніку 2020-га.

Па сённяшніх часах Змушко — даволі гуманны суддзя. На яго сумленні пяць з паловай выдадзеных гадоў хатняй хіміі, штрафы і суткі. Напрыклад, ён судзіў Арцёма Барашку за вычарпальны каментарый да дзеянняў ганцавіцкага даішніка Ігара Вольніча — тры гады хіміі і 700 рублёў кампенсацыі.


Віталь Казакевіч

Казакевіч быў суддзёй Ашмянскага раёна. Нават там было чым адзначыцца (хаця сам Казакевіч выносіў палітычныя прысуды задоўга да 2020-га): 194 выдадзеныя дні сутак і 10 тысяч выдадзеных штрафаў. А таксама некалькі гадоў хіміі.

Віталь Казакевіч вызвалены ад пасады ў сувязі з выхадам у адстаўку.


Станіслаў Ляшэнка

Станіслаў Ляшэнка быў суддзёй Горацкага раёна і, здавалася б, ішоў па жыцці даволі сумленна, але напярэдадні свайго сыходу ў адстаўку спатыкнуўся — на 2 гады і 10 месяцаў перавёў на турэмны рэжым палітвязня Мікалая Дзядка.


Юрый Машкетаў

Машкетаў — суддзя Маскоўскага раёна Мінска, які вельмі хутка з выдачы сутак перайшоў на штампоўку прысудаў, якія адпраўлялі людзей за краты на гады.

Толькі «суткамі» ён вынес больш за тысячу прысудаў, бо маніторынгавыя сістэмы ўлічваюць толькі частку прысудаў, пра якія становіцца вядома публічна.

Машкетаў вырашыў напісаць заяву па ўласным жаданні.


Аляксандр Сіцько

Аляксандр Сіцько з суда Кастрычніцкага раёна Гродна сышоў у адстаўку. Ён вядомы перадусім тым, што паслядоўна і істотна паляпшаў матэрыяльнае становішча беспрацоўнай «інфаказачкі» Вольгі Бондаравай, на карысць якой спагнаў 1000 рублёў «маральнай кампенсацыі» з асуджанага палітвязня Васіля Пільца і яшчэ 1000 рублёў — з палітвязня Вадзіма Плаўскага.


Аляксандр Тараканаў

Аляксандра Тараканава знялі з пасады старшыні суда Шклоўскага раёна ў сувязі са сканчэннем тэрміну паўнамоцтваў.

Ён адзначыўся тым, што «дакінуў» яшчэ паўтара года калоніі палітвязню Паўлу Аўчарову.


Марына Фёдарава

Яшчэ адна суддзя з суда Савецкага раёна Мінска знятая па выхадзе ў адстаўку. У судовай сістэме даўні кадр — працавала з 1996-га. Толькі суткамі яна пакарала людзей за палітыку як мінімум на 2874 дні. Калоніямі і хіміямі — на дзесяцігоддзі.


Пятро Цыганок

Пайшоў у адстаўку таксама старшыня суда Чачэрскага раёна. Найбольшае яго «дасягненне» ў кар'еры, па якім яго запомняць, — адпраўка трох маладых анархістаў на 2,5 года калоніі за пару налепак са знакам анархіі і словамі «Час вырашаць самім».