Беларусь дапамагае Расіі вывозіць вугаль з акупаванага Данбаса

Назіральнікі АБСЕ зафіксавалі дзесяткі беларускіх грузавікоў з вуглём на мяжы Украіны і Расіі.



vyvaz_vuhlia.jpg

Пра гэта гаворыцца ў тыднёвай справаздачы за перыяд з 13 да 19 траўня 2015 года, апублікаванай учора.
Паводле звестак назіральнай місіі Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (АБСЕ), якая знаходзіцца на расійскіх памежных пунктах пропуску «Гукава» і «Данецк» у Растоўскай вобласці, працягваецца вываз вугалю з Данбаса ў Расію. За апошні тыдзень зафіксавана павелічэнне колькасці грузавікоў, якія перасякаюць мяжу ў абодвух напрамках.
«Назіральная місія працягвае сачыць за самазваламі, якія перавозяць вугаль з Луганскай вобласці ў Расійскую Федэрацыю праз памежны пункт пропуску «Гукава», - сказана ў справаздачы.
Назіральнікі адзначаюць інтэнсіўны рух таварных грузавікоў, якія перасякаюць мяжу на памежным пункце «Данецк» у абодвух напрамках.
«У той час, калі большасць грузавікоў зарэгістраваныя ў Луганскай вобласці, у справаздачны перыяд назіральная місія фіксуе грузавікі, якія зарэгістраваныя ў Беларусі і якія таксама перасякалі мяжу», - адзначаецца ў справаздачы.
Паводле звестак місіі, колькасць грузавікоў з Беларусі павялічылася ў параўнанні з папярэднім тыднем. Між іншым, усяго 26 такіх грузавікоў было заўважана на памежным пункце «Данецк».
Асобна адзначана, што місія назірала за бензавозамі, якія таксама перасякалі мяжу на абодвух пунктах пропуску. Гэтыя грузавікі ў асноўным мелі на цыстэрнах надпісы на рускай мове «Прапан» і «Вогненебяспечна».
УНІАН