Больш за тысячу сілавікоў звярнуліся па дапамогу у фонд BySol

З пачатку кампаніі па дэананімізацыі сілавікоў у фонд BySol звярнулася больш за тысячу чалавек. Паступаюць запыты ад вайскоўцаў з розных структур, якія займаюць розныя пасады.

e32b0145_3641_404b_9ccb_fa58676cd8b9.jpg


Як распавёў Belsat.eu заснавальнік фонду BySol Яраслаў Ліхачэўскі, заявак цяпер вельмі шмат: «На мяне проста сыплюцца паведамленні. З пачатку дэананімізацыі ў агульнай складанасці звярнуліся больш за тысячу чалавек. Але гэтыя звароты яшчэ трэба правяраць. Бо сярод іх можа быць спам або тыя, хто не звольніўся, а проста хоча, каб мы выключылі іх з базы. Зараз 108 з іх прайшлі першы этап верыфікацыі. Да нас звяртаюцца людзі з МНС, з унутраных войскаў, з пракуратуры, участковыя, быў нават падпалкоўнік».

«Я не магу сказаць, ці звяртаюцца да нас людзі, якія здзяйснялі злачынствы. У нас пакуль няма ні аднаго пацверджанага кейса. Таму, калі хтосьці мае інфармацыю аб злачынствах канкрэтных людзей, я заклікаю падзяліцца з намі», — паведаміў Ліхачэўскі.

Мінск, Светлагорск, Брэст, Гродна, Наваполацк — пішуць з розных гарадоў. Дапамога ад BySol сілавікам не адрозніваецца ад таго, як дапамагаюць іншым людзям, што страцілі працу з-за палітычных абставінаў: ім таксама выплачваецца 1500 еўра «пад’ёмных», калі чалавеку пагражае небяспека, — дапамагаюць выехаць за мяжу, а калі ён мае жаданне памяняць прафесію — дапамагаюць у перакваліфікацыі.

«У нас цесныя сувязі з рознымі праектамі. З перападрыхтоўкай дапамагае ByHelp, базай дадзеных займаецца «Чорная кніга Беларусі» і «Дэанон». Калі да іх звяртаецца чалавек, каб яго выключылі са спісу, яму распавядаюць пра нас. Але не кожнаму патрэбна дапамога і падтрымка, — падкрэсліў Ліхачэўскі. — Я думаю, што хваля будзе расці. Выклалі першую тысячу ўсіх і тысячу брэсцкіх. «Дэанон» добра працуе. Таму, чым больш будуць «дэаноніць», тым больш да нас будзе зваротаў. Пасля таго, як тысячу апублікавалі [дадзеныя сілавікоў . — Belsat.eu], да нас прыйшлі 200 чалавек. Гэта прыгожа гучыць, але гэта не 200 з тысячы, а 200 з усіх сілавікоў».

Нагадаем, што суполка «Кіберпартызаны» заяўляла пра базу дадзеных 10 тысяч сілавікоў, якую ім удалося атрымаць. МУС у адказ на гэта заявіў, што база дадзеных — чатырохгадовай даўніны, і абвергла інфармацыю пра масавыя звальненні.