Будуць забіраць нават з гемароем. Улады перагледзелі паказчыкі прыдатнасці да службы ў войску

Як і было анансавана, беларускія ўлады панізілі парог патрабаванняў да здароўя пры прызыве ў армію. Медыцынскіх супрацьпаказанняў для праходжання службы стала менш.

a8bb7ff488bdc7bc1c8619d78a70cc64.jpg

Адпаведная сумесная пастанова Міністэрства абароны і Міністэрства аховы здароўя з'явілася на Нацыянальным прававым партале. Адразу пасля гэтага дакумент набыў моц.

Напрыклад, цяпер непрыдатнымі да ваеннай службы ў сілах спецыяльных аперацый прызнаюцца грамадзяне з масай цела больш за 100 кілаграмаў. Раней парогам для прызыву была вага 90 кг.

Прыдатнымі да ваеннай службы з нязначнымі абмежаваннямі таксама будуць прызнавацца людзі з атлусценнем II ступені з індэксам масы цела больш 37 кг/м2.

Такая ж катэгорыя прыдатнасці будзе прысвойвацца тым, у каго дыягнаставаныя:

  • блізарукасць любога вока ў адным з мерыдыянаў больш 6,0 дыоптрый і да 8,0 дыоптрый;
  • артэрыяльная гіпертэнзія I або II ступені без паразы органаў-мішэняў або АКС;
  • гемарой без выпадзення вузлоў;
  • бранхіяльная астма пры адсутнасці прыступаў больш за пяць гадоў;
  • некаторыя ступені плоскаступнёвасці.

Раней такія грамадзяне прызнаваліся непрыдатнымі да ваеннай службы ў мірны час і абмежавана прыдатнымі да ваеннай службы ў ваенны час.

Пасля падзей 2020 года і асабліва пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне рэжым Лукашэнкі паслядоўна прымае меры для таго, каб забраць у войска як мага болей беларусаў. Адмененыя адтэрміноўкі для выпускнікоў ВНУ, якія хочуць працягнуць вучобу ў магістратуры. Прыняты шэраг іншых захадаў, каб вучоба не стала нагодай для прызыву ў войска. Цяпер да ўсяго гэтага дадалі паніжаныя патрабаванні да здароўя. Гэтым самым робіцца тое, пра што Лукашэнка некалі казаў: «Сапраўдны мужык павінен адслужыць у арміі».