«Было знішчана ўжо каля 45 лістоў». На Міколу Дзядка працягваюць ціснуць у калоніі
Палітвязень Мікола Дзядок адбывае пяцігадовы тэрмін у калоніі паводле прысуду па трох крымінальных артыкулах. У няволі на яго аказваецца ціск з боку адміністрацыі.
![photo_2022_04_19_10_27_15.jpg photo_2022_04_19_10_27_15.jpg](/img/v1/images/photo_2022_04_19_10_27_15.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Працягваюцца канфіскацыі і знішчэнні лістоў у максімальна
здзеклівай форме, — распавёў Мікола Дзядок у адным з апошніх лістоў. — Справа выглядае так: мне прыносяць акты, дзе напісана, што
ліст ад… знішчаны, бо носіць цынічны характар, прапануюць распісацца. Я пытаю,
што такое цынічны характар? Мне ў адказ: «Вы распісвацца будзеце?» І
так па коле. Такім чынам было знішчана ўжо каля 45 лістоў. Іх дэманстратыўна,
моўчкі, прачытваюць пры мне, а потым хаваюць у канверт і знішчаюць. Усё гэта
адбываецца пад відэарэгістратар.
Зусім відавочна, што ніякага цынізму ў лістах няма. Гэта
проста легальны спосаб пазбавіць мяне перапіскі. Падстрахоўваюцца тым, што
потым знішчаюць гэтыя лісты, каб пасля нельга было нічога праверыць.
У астатнім звычайнае быццё ў ПКТ. Большую частку сваіх
заняткаў прыйшлося адкласці з-за розных рэжымных абмежаванняў. Напрыклад,
пакуль не малюю, бо няма чым тачыць алоўкі.
Увесь вольны час чытаю савецкія кнігі з бібліятэкі і
займаюся спортам. На працягу дня грае радыё, але ў курсе падзеяў сябе ўсё роўна
не адчуваеш. Па ўсіх станцыях, як прыватных, так і дзяржаўных, больш-менш
відавочная прарасійская прапаганда, альбо маркотны афіцыёз: «У Магілёве
прайшоў усеагульны суботнік», «Моладзь Чавусаў правяла тэлемост з
моладдзю Валгаграда».
Жадаю бадзёрасці і веры ўсім! Абдымаю кожнага і кожную, хто
мяне падтрымлівае і пра мяне думае!»
Міколу Дзядка затрымалі 11 лістапада
2020, пасля чаго моцна збівалі і катавалі. 10 лістапада палітвязня асудзілі да
пяці гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму па трох крымінальных артыкулах:
арт. 342 КК РБ, арт. 361 КК РБ, арт. 295-3 КК РБ. Мікола віну не прызнаў.
Падтрымаць Міколу Дзядка можна лістамі па адрасе: 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16, ВК-9, ПКТ, Дзядку Мікалаю Аляксандравічу.