Навіны дня. «Справа артапедаў», статыстыка СК і працяг рэпрэсій

У традыцыйным вячэрнім аглядзе расказваем пра галоўнае, што адбылося ў Беларусі сёння, 18 сакавіка.

samae_halounae.jpg


Сённяшні дзень адзначыўся пачаткам наступу на Данбас і абстрэламі Львова. А ў Беларусі тым часам намеснік старшыні СК даў феерычнае інтэрв'ю «БелТА», у якім расказаў пра беларускі «экстрэмізм» і даў вельмі цікавую характарыстыку «рэйкавым партызанам».
Дарэчы, «экстрэмісцкім фарміраваннем» сёння прызналі сацсеткі, ТГ-канал і чат "Беларусь галаўнога мозгу".
Амаль праз тры тыдні пасля «хапуна» па ўсёй краіне сталі вядомыя падрабязнасці «справы артапедаў»: іх абвінавачваюць у атрыманні хабару. За што і ў якіх памерах нібыта бралі хабар беларускія траўматолагі-артапеды — чытайце тут.
«Парадаваў» свежай статыстыкай і Белстат. Паводле апублікаваных даных, беларускі ВУП імкліва ляціць услед за расійскім ваенным і вяртацца пакуль не плануе.
Весткі з палёў рэпрэсій. Сёння быў вынесены прысуд палітзняволенаму хірургу Андрэю Любецкаму: лекару прысудзілі 5 гадоў турэмнага зняволення.
Знайшлася затрыманая нядаўна рэдактарка Аляксандра Макавік: на дадзены момант яна ўтрымліваецца на Акрэсціна.
3 гады «хатняй хіміі» атрымаў вядучы аналітык кампаніі «EPAM» Дзяніс Насура.
Мінчук, які выгукнуў на судзе «Слава Украіне», арыштаваны яшчэ на 10 сутак. Праяву антываеннай пазіцыі суддзя палічыў «несанкцыянаваным пікетаваннем».
 Працягваюцца чысткі і ў адукацыі. З БДУ звальняюць дацэнта факультэта міжнародных адносін Аляксандра Данілевіча. Кіраўніцтву ўстановы не спадабалася антываенная пазіцыя выкладчыка.