З БДУ звальняюць дацэнта за пазіцыю наконт вайны ва Украіне

У БДУ працягваюцца «чысткі». На гэты раз «адзначыўся» факультэт міжнародных адносін.

Аляксей Данілевіч

Аляксей Данілевіч


Аляксандра Данілевіча, дацэнта факультэта міжнародных адносін звальняюць за яго прынцыповую пазіцыю супраць вайны ва Украіне: ён падпісаў антываенны зварот адвакатаў і юрыстаў.
Аляксандр Данілевіч 20 гадоў адпрацаваў у БДУ. Кантракт у дацэнта ФМА скончыцца ў траўні, але яго папярэдзілі, што далей з ім працоўную дамову заключаць не будуць.
«Я падпісаўся пад антываенным зваротам адвакатаў і юрыстаў. Адразу пачаліся праблемы ў адвакатуры: завялі дысцыплінарную вытворчасць. Таксама некалькі тыдняў таму меў дзве размовы ў БДУ: з загадчыцай кафедры і адным з намеснікаў дэкана. Мне падалося, што ім самім было няёмка са мною гаварыць на гэты конт, тым больш, што той намеснік дэкана — мой былы студэнт. Але ж ён паказаў мне паперку, што нельга займацца палітычнай агітацыяй, згодна з правіламі ўнутранага распарадку. Я адказаў, што ніякай палітычнай агітацыяй і не займаўся, гэта іншае — я ж юрыст, разумею, што нічога не парушаю. Таксама я сказаў, што свой подпіс адклікаць не буду, бо маю сваю пазіцыю», — кажа Аляксандр Данілевіч.
Акрамя іншага, Данілевічу вынеслі вымову як адвакату, паколькі лічаць, што ён «парушыў прафесійную этыку» праз подпіс пад зваротам. Але навуковец не адчайваецца.
«Працаваць пакуль працуецца. Ці не страшна мне? Страшна ва Украіне, у сённяшнім Марыупалі, а тут так, проста бздура нейкая, як я кажу. Вунь нават Максіму Знаку не страшна — а ён у турме сядзіць.
Я столькі год працаваў на тое, каб стаць спецыялістам, што мне ўжо не так страшна, нават калі адбяруць адвакацкую ліцэнзію. Я не той чалавек, які будзе шукаць працу, я той, хто робіць яе і стварае працу сам для сябе. Ды і бачу, што пакуль ніхто з адвакатаў, якіх выключылі з калегіі, не памёр з голаду. Таму спадзяюся, што ўсё будзе добра.
Ды і той жа БДУ для мяне быў не столькі заробак, колькі хобі, мне было цікава выкладаць, мне падабалася працаваць са студэнтамі.
Будзьце сумленнымі — і ўсё будзе добра. Я сам не святы чалавек, але такую параду магу даць. Бо мне проста прыкра, што гэта ўсё адбываецца. Мне сорамна, што мы ў гэта ўсё ўлезлі», — кажа Данілевіч.
Навуковец не мае намеру з’язджаць з Беларусі.
Нагадаем, што «чысткі» ў БДУ і іншых вышэйшых навучальных установах краіны ідуць з 2020 года. Звальняюць выкладчыкаў, адлічваюць студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў. Толькі за снежань 2021 года з БДУ звольнілі каля 55 выкладчыкаў, і з кожным днём колькасць рэпрэсаваных навукоўцаў толькі расце.