СК назваў самыя частыя праявы экстрэмізму: маляванне, гудкі аўтамабіляў, абразы
Намеснік старшыні СК Анатоль Васільеў даў інтэрв'ю «БелТА», дзе агучыў статыстыку па так званых «экстрэмісцкіх» справах.
Следчы камітэт агучыў статыстыку па злачыннасці ў краіне. Асобна адзначаецца, што колькасць спраў аб «экстрэмізме» складае не больш за 5-6 % ад агульнай колькасці злачынстваў у краіне. А вось амаль палова «экстрэмісцкіх» спраў — гэта паклёпы і абразы.
Асноўную ўдзельную вагу спраў аб «экстрэмізме» ў нашай краіне складаюць паклёпы, абразы, распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестак. Следчыя паведамляюць, што сярод агульнай колькасці «экстрэмісцкіх» спраў менавіта такія «правапарушэнні» складаюць 41% ад агульнай колькасці.
Намеснік старшыні Следчага камітэта Анатоль Васільеў пералічыў «канкрэтныя праявы экстрэмізму» ў Беларусі:
«Можна ўспомніць маляванне на знак пратэсту. Са жніўня 2020 года зарэгістравана 1465 злачынстваў па апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці. Або так званыя сімвалічныя гукі — сігналы аўтамабіляў на дарозе. Думаю, усе памятаюць масу падобных акцый. Яшчэ адзін яркі прыклад — гэта насмешкі над афіцыйнымі асобамі. Так, у Віцебску была ўзбуджаная крымінальная справа ў дачыненні да мясцовых жыхароў, якія ладзілі пастановачныя пахаванні на могілках і разбівалі на відэа экран тэлевізара з фотаздымкам беларускага журналіста».
Што датычна «экстрэмізму» з прымяненнем гвалту, то ў краіне такога практычна не існуе.