«Не адбыліся ў жыцці, слабая псіхіка» — намеснік кіраўніка СК пра «рэйкавых партызанаў»
Анатоль Васільеў, намеснік старшыні Следчага камітэта Беларусі, заявіў, што «злачынствы тэрарыстычнай і экстрэмісцкай накіраванасці» сталі «рэальнымі» на беларускай чыгунцы.
«Крыніцай такіх страшных злачынстваў становіцца не рэлігійная варожасць ці радыкальныя перакананні, а мэсэнджар у мабільным тэлефоне, — сказаў Васільеў у інтэрв'ю агенцтву «БелТА». — У нашай краіне ёсць людзі, якія сапраўды гатовы пусціць пад адхон цягнік з пасажырамі, проста паддаўшыся дэструктыўнаму інфармацыйнаму парадку дня. Мы жывём у той самы час, калі тэлеграм-канал у прамым сэнсе набывае форму зброі. Не выбухованебяспечнай ці агнястрэльнай, а псіхалагічнай».
Паводле Васільева, людзі, якія дапускаюць такія дзеянні, «свята вераць, што такім чынам можна памяняць жыццё ў краіне». Прытым ён адзначае:
«Мае месца і карыслівы матыў. Я б назваў гэта меркантыльнасцю. (…) Гэта звязана з тым, што мала хто з іх забяспечаны фінансамі. Часцей за ўсё гэта людзі, якія не адбыліся ў жыцці. Для грамадства гэтыя людзі мала што прадстаўляюць. Грае ролю і слабая псіхіка, таму чалавек паддаецца дэструкцыйнай інфармацыйнай хвалі».
6 красавіка МУС Беларусі паведаміў, што ў ноч на 30 сакавіка пры сілавой падтрымцы САХРа затрымалі траіх жыхароў Бабруйска 27 і 28 гадоў, якія нібыта маюць дачыненне да знішчэння дзвюх рэлейных шаф сігнальнай устаноўкі пад Асіповічамі. Паводле тэлеграм-канала «Суполка чыгуначнікаў Беларусі», гаворка ідзе пра Яўгена Мінкевіча, Дзмітрыя Клімава і Уладзіміра Аўрамцава.
Уладзімір Аўрамцаў працуе трэнэрам па грэка-рымскай барацьбе ў адной са школ Бабруйска. Яўген Мінкевіч таксама звязаны са спортам, працаваў кіроўцам. Дзмітрый Клімаў таксама працаваў у Бабруйску кіроўцам.
Намеснік старшыні Следчага камітэта паведаміў, што ў Беларусі плануюцца змены ў заканадаўстве адносна завочнага асуджэння, якія дазволяць прыцягваць да адказнасці асоб, падазраваных у экстрэмізме, нават у іх адсутнасць.
Больш за 1,5 тысячы чалавек у Беларусі падпалі пад рэпрэсіі і гвалт у сувязі з пратэстам супраць вайны ва Украіне. Беларускія «рэйкавыя партызаны» ўчынілі дзясяткі дыверсій на чыгунцы, а кіберпартызаны на два тыдні парушылі працу абсталявання, якое забяспечвае аўтаматычную працу «Беларускай чыгункі», каб не дапусціць перасоўвання расійскай вайсковай тэхнікі. І гэта ва ўмовах дзяржаўнага тэрору супраць любога іншадумства. Аніводная асоба ад дыверсій на чыгунцы не пацярпела. Іх ініцыятары неаднаразова заяўлялі, што імкнуцца пазбягаць атак на грамадзянскія цягнікі і зацікаўленыя выключна ў запаволенні руху расійскіх саставаў са зброяй і іншай тэхнікай, якая выкарыстоўваецца супраць Украіны.
Паводле РС.