«Рэйкавая вайна». Пад Бабруйскам патруль абстраляў на чыгунцы групу «партызанаў»
Пад Бабруйскам патруль унутраных войскаў абстраляў на чыгунцы групу партызанаў. Аднак апошнім удалося ўцячы з месца правядзення акцыі, паведамляюць чыгуначнікі.
Здарэнне адбылося ўначы 30 сакавіка каля прыпынку Бабіна на
чыгунцы ў Бабруйскім раёне (участак Асіповічы — Жлобін). Там удзельнікі «рэйкавай вайны» ўскрылі дзве рэлейныя шафы. Адну з іх яны паспелі
падпаліць. У гэты час група байцоў унутраных войскаў, якая знаходзілася ў
лесапаласе і мусіла ахоўваць згаданае абсталяванне, адкрыла агонь з баявой
зброі. Але «партызаны» не пацярпелі і сышлі ад пераследу.
Спецназ унутраных войскаў пачаў ахоўваць абсталяванне на
чыгунцы ў Беларусі пасля пачатку «рэйкавай вайны» — «партызаны»
ствараюць перашкоды для руху цягнікоў з расійскай ваеннай тэхнікай. Апошнія
дыверсіі адбыліся пад Барысавам і Асіповічамі.