Выгукнуў «Слава Украіне» на Акрэсціна. Суддзя вырашыў, што гэта новае пікетаванне, і яшчэ раз асудзіў

Мінчука, затрыманага на антываеннай акцыі, перазатрымалі і асудзілі за лозунг «Слава Украіне» падчас першага суда

suprac_vajny.jpg

44-гадовага Рыгора Камянюка затрымалі 27 лютага ў Мінску на антываеннай акцыі. Праз тры дні суддзя Міхаіл Макарэвіч арыштаваў яго на 14 сутак. Рыгор мусіў выйсці на волю 13 сакавіка, але сілавікі перазатрымалі яго паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне), паведамляюць праваабаронцы.

Згодна з пратаколам, «Камянюк, знаходзячыся ў грамадскім месцы — у адміністрацыйным будынку ІЧУ Акрэсціна, выкрыкнуў "Слава Украіне"». Міліцыянты гэта расцанілі як пікетаванне.

Рыгор пацвердзіў на судзе, што сапраўды сказаў гэты лозунг пасля вынясення судом пастановы па мінулай адміністрацыйнай справе, але не меў палітычнай мэты, бо такім чынам перадаваў сваякам, што ў яго ўсё добра. Але сведка-міліцыянт сцвярджаў, што «паводзіны, а таксама рэакцыя прысутных побач з Рыгорам аб'ектыўна сведчылі пра палітычны матыў здзяйснення правапарушэння».

У выніку суддзя Макарэвіч прызнаў Рыгора вінаватым і пакараў 10-сутачным арыштам.