«Цэлае пакаленне будзе жыць са страхам». Лекары пра тое, як «суткі» адбіваюцца на здароўі людзей
Умовы ўтрымання зняволеных на Акрэсціна і ў Жодзіне выклікаюць абурэнне беларусаў. У камерах удвая-ўтрая больш людзей, чым шконак. Не даюць матрацаў і пасцельнай бялізны. Заліваюць падлогу хлоркай. Катуюць холадам, яркім святлом уначы і моцным гукам. Даводзяць да панічных атак. Як усё гэта можа адбіцца на здароўі людзей? «Радыё Свабода» пагаварыла з лекарамі, якія самі адседзелі — анколагам Надзеяй Пятроўскай і неўролагам Раманам Бадамшыным.
«Любыя адхіленні ад мінімальных стандартаў — гэта ўжо катаванні»
Анколага Надзею Пятроўскую затрымалі 23 студзеня і змясцілі на Акрэсціна. За трое сутак у ізалятары яна страціла 4 кілаграмы вагі — і ад стрэсу, і ад дрэннага харчавання.
«Ёсць міжнародныя мінімальныя стандарты ўтрымання зняволеных. Мінімальныя — яны прымальныя і ва Угандзе, і ў Гандурасе, і ў Беларусі, Расіі, Украіне, ЗША. Мінімальныя стандарты неабходна выконваць, бо гэта гуманітарныя паняцці, ніжэй за якія нельга апускацца. Зразумела, што ў краінах, дзе катаванні — нармальны інструмент задушэння пратэстаў, гэтыя мінімальныя стандарты не выконваюцца. І мы маем няшчасце адносіцца менавіта да такіх краін», — мяркуе кандыдат медычных навук, былая загадчыца аддзялення РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Надзея Пятроўская.
На думку доктаркі, любыя адхіленні ад мінімальных стандартаў — гэта ўжо катаванні. У камеры, разлічанай на 6 чалавек, было 13 жанчын. Матрацаў і пасцельнай бялізны не было — даводзілася спаць па двое на голых нарах у вопратцы, каб хоць як сагрэцца. Некалі Вольга Хіжынкова, якая адседзела на Акрэсціна больш за 40 сутак, расказвала, што на металічныя шконкі зняволеныя клалі часопісы і кнігі. Пасля гэтага кнігі, часопісы, зборнікі сканвордаў фактычна забаранілі. У якасці падушак сядзельцы выкарыстоўвалі няз'едзены хлеб у політэтыленавым пакеце, — падзялілася турэмным «лайфхакам» доктар-анколаг Надзея Пятроўская.
«Было вельмі холадна і адначасова душна, паветра не хапала, вентыляцыя не працавала: было адчуванне нястачы кіслароду.
Гэта катаванне холадам: у некаторых адабралі абутак, а калі ногі не ў цяпле, заснуць наогул немагчыма. Ад холаду ў людзей абвастраліся хранічныя хваробы, інфекцыі, кшталту герпесу. У некаторых пачыналіся праблемы з ныркамі, мочавыводнымі шляхамі», — узгадвае доктарка.
«Улада паставіла задачу: выхаваць пакорлівае пакаленне, пакорлівы статак»
Адміністрацыя папраўчых устаноў ніяк на відавочныя парушэнні санітарна-гігіенічных норм не рэагуе. Не рэагуе і Міністэрства аховы здароўя.
Надзея Пятроўская звяртае ўвагу на парадаксальную сітуацыю.
«Нормы распрацоўваюцца Мінздароўя, гігіеністамі. Такога не можа быць, каб людзі, якія распрацоўвалі гэтыя нормы, не маглі кантраляваць іх выкананне. Усе разумеюць, што гэтыя нормы не выконваюцца, і невыкананне іх — адзін з метадаў уздзеяння. Так, цяпер у СІЗА быццам бы не б’юць. Але ўлада паставіла задачу: выхаваць пакорнае пакаленне, пакорны статак.
Зразумела, што невыкананне элементарных норм — гэта не выпадковасць, гэта не прыкрае непаразуменне, а гэта мэтанакіраваная акцыя, цалкам прадуманае рашэнне, прынятае не ведаю на якім узроўні — вербальна, дакументальна. Але паняцця норм няма».
«Катавалі святлом — спаць было немагчыма»
Яшчэ адна праблема ў людзей за кратамі — парушэнне сну. І не толькі ад недахопу спальных месцаў, цвёрдых шконак, адсутнасці матрацаў і бялізны.
«Калі святло ў камеры не выключаецца круглыя суткі — гэта ўжо катаванні. Спаць было немагчыма. Людзі ўначы недасыпалі, цэлымі днямі знаходзіліся ў самнамбулічным стане.
Нам яшчэ пашанцавала, што не катавалі кругласуткава моцным гукам — ідэалагічна правільнай музыкай ці прапагандысцкімі перадачамі. Хтосьці яшчэ да нас у камеры перарэзаў провад радыё. Канваіры часам пыталіся: „Радыё працуе? Вы яго слухаеце?“ — „Так, канешне“, — адказвалі мы», — гаворыць Надзея Пятроўская.
Небяспека кавіду, хлорка, прыніжэнні
Суддзі, прысуджаючы шмат сутак, амаль не звяртаюць увагі на тое, што людзі маюць сур’ёзныя хранічныя захворванні, цукровы дыябет, анкалогію, адзначае доктарка Надзея Пятроўская:
«У нас у камеры былі тры жанчыны з анкалагічнымі захворваннямі. Я сама анколаг, таму параіла ім абавязкова сказаць пра гэта на судзе. Адну сукамерніцу адпусцілі. Другая пажылая жанчына адседзела 15 сутак, бо прызналася, што цяпер у рэмісіі».
Асобная небяспека — кавід. У ізалятарах вельмі шмат людзей заражаюцца каронавірусам, бо немагчыма трымаць сацыяльную дыстанцыю: камеры перанаселеныя. Пасля вызвалення вымушаныя яшчэ доўга лячыцца.
У камеры, дзе сядзела доктарка, таксама былі праблемы з хлоркай — прымушалі мыць падлогу з вялікай канцэнтрацыяй хлоркі.
«І ў некаторых з'яўляўся астматычны кампанент (не магу сказаць, што гэта было ўдушша, але дзяўчаты кашлялі, задыхаліся). А на просьбы паклікаць доктара ніхто не адгукаўся.
Былі непрыемныя нюансы з гігіенай. Дзяўчаты пакутавалі ад пачуцця сораму, немагчыма было гігіенічныя працэдуры зрабіць без чужых вачэй. Натуральна, гэта псіхалагічныя прыніжэнні.
У душ нас у гэтыя тры дні не вадзілі. Але нават адзін раз на тыдзень душ, калі даюць шмат сутак, — гэта дзікасць», — кажа Надзея.
«Грамадства цяпер у стане посттраўматычнага разладу»
Бадай, самае цяжкае — гэта маральныя пакуты, лічыць доктарка Пятроўская. Бо ў кожнага чалавека свой парог адчувальнасці, болю, у кожнага індывідуальныя асаблівасці арганізму. Тое, што для аднаго лёгка перажываецца, для іншага можа быць невыносным.
«У сучасным свеце, калі людзі карыстаюцца інтэрнэтам, маюць нармальныя бытавыя ўмовы, за кратамі прымяняюцца сярэднявечныя метады ўздзеяння на чалавека, поўнае яго абязлічванне. І адбываецца кагнітыўны дысананс.
Калі сутыкаешся з тым, што твая чалавечая годнасць можа быць растаптаная ў адзін момант, боязь кавіду, хваробаў скуры, нават сухотаў адыходзіць на другі план. Пра гэта не думаеш.
Калі разумееш, што тое самае, што пісаў Салжаніцын ды іншыя — усё праўда і нікуды не падзелася, і што тваё жыццё не варта і ламанага гроша, усе пагрозы фізічнаму здароўю неяк прытупляюцца. У першую чаргу было ўздзеянне на свядомасць: трэба запалохаць, прадэманстраваць сваю моц, паказаць тваё месца. І трэба адзначыць, што нашы пенітэнцыярныя ўстановы з гэтым паспяхова справіліся. Па метадах псіхалагічнага ўздзеяння яны пераўзышлі сябе», — перакананая Надзея Пятроўская.
На яе думку, беларускае грамадства цяпер у стане посттраўматычнага разладу.
«І яшчэ няхутка мы гэтую калектыўную траўму перажывём. Цяпер грамадства „ўпала“ ў такі парабіятычны стан — каб не звар’яцець. Цэлае пакаленне будзе жыць са страхам», — мяркуе кандыдат медычных навук, доктар-анколаг Надзея Пятроўская.
«Людзей даводзяць да сімпатадрэналавага крызу»
Доктара-неўролага Руслана Бадамшына за апошнія паўгода затрымлівалі і саджалі 5 разоў — агулам адседзеў ён 64 дні. Пакаранні адбываў у ІЧУ і ЦІПе на Акрэсціна. Двойчы сядзеў у Жодзіне. Перахварэў на каронавірус. З апошняй адседкі на волю выйшаў 8 красавіка.
Камеру залівалі хлоркай, пускалі пярцовы газ, вылівалі шампунь у прыбіральню
У Жодзіне ў камеры, разлічанай на чатырох, начавалі да 12 чалавек. Спалі на падлозе, антысанітарыя была поўная — без матрацаў, падушак, пасцельнай бялізны.
«Камера не праветрывалася — акно было наглуха заваранае, на ім пастаянна быў кандэнсат, цвіль. Дый падчас нешматлікіх прагулак падыхаць свежым паветрам не ўдавалася: дворык нагадваў цёмную сырую камеру, толькі з небам у клетачку. Там мужыкі пастаянна курылі, і паветра амаль не было — дыхалі тытунёвым дымам.
Камеру залівалі хлоркай: у вядры разводзяць па 6–10 таблетак, выліваюць на падлогу, пад шконкі, каб цяжэй было прыбраць. Ніякіх прылад, ануч не было — адзін стары ручнік, хуценька стараліся сабраць і выліць рэшту ва ўнітаз.
Непрыемна шчыпала вочы, быў сверб у носе і вачах, пачырваненне склеры — хлорка раздражняе слізістыя абалонкі. У кагосьці развіваўся бронхаспазм, правакаваўся прыступ бранхіяльнай астмы», — узгадвае Руслан.
Была адна «газавая атака» — за тое, што мужчынская камера перастуквалася з суседняй, дзе сядзелі дзяўчаты.
«Мы часам перастукваліся, кшталту перадавалі прывітанне. Уварваўся ахоўнік, пырснуў пярцовым газам з балончыка — учыніў нам газавую атаку. Прыгразіў, што яшчэ раз пачуе стук — будзе тое самае. А аднойчы бачым у прыбіральні нейкую пену. Аказваецца, ахоўнікі вылілі два флаконы шампуню ва ўнітаз», — узгадвае хімічныя і газавыя атакі, а таксама дробную помсту доктар.
У Жодзіне падчас апошняй адседкі зняволеныя ні разу не бачылі турэмнага лекара, не было аніводнага медыцынскага агляду. Прасілі даць градуснік, але яго так ні разу не і далі, хоць людзі былі з тэмпературай, з насмаркам, з кашлем — усімі сімптомамі каронавіруса.
«Ніякіх аналізаў, тэстаў, натуральна, у ізалятарах не робяць. Ужо вызваліўшыся, я ўчора патэлефанаваў свайму былому сукамерніку, які вызваліўся раней. Ён зрабіў ужо на волі тэст, які аказаўся станоўчым — каронавірус пацвердзіўся».
Жорстка збітым сукамернікам двойчы выклікалі хуткую дапамогу
Разам з Русланам сядзеў грамадскі актывіст з Салігорска Андрэй, які некалі балатаваўся ў дэпутаты мясцовага савета. Хлопец напісаў ліст дадому, а ў канверт уклаў малюнак — эмблемку, дзе было напісана «Жодзіна. Вязніца».
«Там не было ніякай сімволікі. Цэнзар не прапусціў ліст. Андрэя завялі ў душ, аддубасілі палкай па спіне. Ён вярнуўся ў камеру такі маўклівы, напалоханы, і лёг. А ён наогул вельмі інтэлігентны, выхаваны, стрыманы, казаў, што гвалт ніяк не ўспрымае.
На наступны дзень ён таксама ляжаў, маўчаў, мы яго не чапалі. А ўвечары на фоне ўнутранай трывогі ў яго пачаўся, кажучы медыцынскім тэрмінам, „сімпатадрэналавы крыз“. Панічная атака, скавала рукі-ногі, разагнуць руку мы не маглі, у яго спазмы, пот на твары, ён ледзьве варушыў языком, не мог гаварыць. Мы спалохаліся, пачалі барабаніць у дзверы, выклікалі ахоўнікаў. Яго забрала "хуткая"», — расказвае доктар-неўролаг.
А другому хлопцу сур’ёзна пашкодзілі нагу, на якой яшчэ не зросся ранейшы падвойны пералом ступні.
«Нас вывелі ў калідор, паставілі на расцяжку і пачалі біць па нагах — каб мы сталі амаль на шпагат. Міліцыянт ударыў сваёй нагой па назе таго хлопца. Потым нага распухла, з' явілася гематома. Ахоўнікі не хацелі выклікаць "хуткую" і доктара, маўляў, „паляжы, пройдзе“. Але нага страшна пасінела. Урэшце мы дамагліся, каб выклікалі хуткую. У шпіталі хлопцу наклалі гіпс і вярнулі назад у турму. Яму было вельмі цяжка з гэтым гіпсам і спаць на голай шконцы, і перасоўвацца без мыліц», — кажа Руслан.
У зняволеных адбіраюць перадачы
У сядзельцаў забралі паперу, сурвэткі, кнігі, сканворды, асадкі — каб немагчыма было пісаць скаргі на нечалавечыя ўмовы ўтрымання. Аднак ахоўнікі пайшлі яшчэ далей. Цяпер забіраюць перадачы — маўляў, харчы могуць сапсавацца.
«Ладна, забіраюць матрацы, коўдры, бялізну, гэта ўжо не выклікае здзіўлення. У сераду ўвечары нам сваякі прынеслі перадачы. Іх аддалі толькі на наступны дзень, у чацвер. У пятніцу раніцай забралі ўсё мясное, усё сала, нават сыр у вакуўмнай упакоўцы. А ў нядзелю забралі рэшткі печыва, сухары, сушкі, нават цукар і соль, якія не псуюцца.
Гэта ж проста крадзеж ці марадзёрства — бацькі везлі перадачы з іншых гарадоў, стаялі ў чарзе, трацілі немалыя грошы!» — абураецца доктар Руслан Бадамшын.