Лекара, які адбыў суткі ўжо пяты раз, звольнілі з РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі
Усяго ён правёў за кратамі 63 дні.

Лекара-неўролага Руслана Бадамшына, якога затрымлівалі ўжо пяць разоў (усяго ён правёў за кратамі 63 дні), звальняюць з РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, дзе ён працаваў на пасадзе ўрача функцыянальнай дыягностыкі.
Бадамшына звальняюць ў сувязі з яго адсутнасцю на працы з 10:00 да 12:00 8 красавіка, пішуць «Белыя халаты».
Раніцай таго дня медык пасля адбыцця чарговага адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю з жодзінскага СІЗА, але, не маючы пры сабе ні грошай, ні тэлефона, дабраўся да працы са спазненнем і, паколькі быў без сувязі, не змог папярэдзіць кіраўніцтва аб тым, што мусіць затрымацца.