Мінская міліцыя: у пунктах пропуску на пікет Ціханоўскай будуць здымаць на відэа

Мінская міліцыя збіраецца фіксаваць на відэа ўсіх людзей, якія пройдуць на пікет кандыдата Святланы Ціханоўскай у парку Дружбы народаў, паведамляе «Еўрарадыё».



На першую сустрэчу з Ціханоўскай у Мінску прыйшло да 10 тысяч чалавек

На першую сустрэчу з Ціханоўскай у Мінску прыйшло да 10 тысяч чалавек

Мінская міліцыя паведаміла, што 30 ліпеня ў пунктах пропуску на пікет кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у парку Дружбы народаў (ён пачнецца а 18-й) будзе рабіцца "відэадакументаванне".

Гэта значыць, што на відэа зафіксуюць усіх людзей, якія пройдуць на пляцоўку.

Анансуецца, што міліцыянеры будуць несці службу "ва ўзмоцненым рэжыме". Гэта наступства ўчорашняй нарады Аляксандра Лукашэнкі з чальамі Савета бяспекі з-за затрымання расіян з прыватнай ваеннай кампаніі. Было вырашана ўзмацніць меры бяспекі, у тым ліку і на перадвыбарчых мерапрыемствах. Пра гэта гаварылася ў чацвер у ЦВК, куды запрашаліся кандыдаты ў прэзідэнты.

Як паведамляе minsk.mvd.gov.by, пляцоўка, дзе пройдзе сустрэча Ціханоўскай з выбарцамі, агароджана турнікетамі (іх туды прывезлі яшчэ ў сераду). Праход магчымы толькі праз кантрольна-прапускныя пункты. Яны абсталяваны і стацыянарнымі, і ручнымі металадэтэктарамі.